Залатое вяселле ды іншыя цікавосткі ў Наваянчыне (Барысаўскі раён, Мінская вобласць)

Залатое вяселле ды іншыя цікавосткі ў Наваянчыне (Барысаўскі раён, Мінская вобласць)

27 лютага адбыўся выезд у вёску Наваянчына (Барысаўскі раён, Мінская вобласць). Знята, як у доме фальклору гурт “Суседкі” віншаваў з залатым вяселлем дзве пары аднавяскоўцаў. Сфатаграфавана драўляная архітэктура вёскі, двое могілак, адныя з якіх стараверскія. Ля могілак пад дубам зняты камень-следавік.

Дом фальклору працуе з 2002 г., за гэты час высілкамі гурта адноўлены шэраг традыцыйных наваянчынскіх святаў. “Суседкі” – заўсёды ініцыятары святкаванняў, аднавяскоўцы ахвотна далучаюцца. У Наваянчыне святкуцюць Каляды, Масленку, Саракi, Сёмуху, Купалле, Спас. Падчас Пiлiпаўскага паста ладзяць вячоркі, на другі дзень Вялікадня ходзяць у валачобнікі.

Мастацкі кіраўнік дома фальклору і гурта Раіса Паўлаўна Анікеева распавяла, што раней карысталася попытам наваянчынская вясельная праграма: маладыя прыязджалі з барысаўскага ЗАГСа. Зараз “Суседкі” збольшага “паказваюць” вяселле падчас выступаў.

У віншаванні сем’яў Жук (Соф’я Рыгораўна і Рыгор Сцяпанавіч) і Мажэйка (Яўгенія Сцяпанаўна і Анатоль Мікалаевіч) з залатым вяселлем атрымалася сумясціць сучасныя і традыцыйныя элементы. Гучалі вершаваныя пажаданні, “маладым” даравалі сучасныя падарункі і букеты, крычалі “Горка!”, яны таньчылі вясельны вальс. У той жа час Яўгенія Сцяпанаўна была ў тым жа вясельным вянку, у якім выходзіла замуж 50 год таму. Потым, на дзяжы, яго знялі і завязалі хустку. Гарманісту, Валянціну Барысавічу Анікееву, на знак таго, што пачынаецца вяселле, павязалі на гармонік стужку. “Маладым” давялося прайсці некаторыя выпрабаванні: паказаць, што ўмеюць ткаць і вышываць, прапець калыханкі. Дарэчы, пра наваянчыцкія калыханкі неяк зняла цэлую тэлеперадачу даследчыца Ірына Мазюк. А тэлеканал СТБ зрабіў цыкл пра наваянчыцкія каляндарныя абрады.

Быў задзейнічаны таксама элемент абраднасці другога дня сапраўднага вяселля: калі “падменным” маладым даруюць жартоўныя падарункі і кажуць троху больш фрывольныя, чым з “сапраўднымі” падарункамі прыказкі. Гэтым разам “маладыя” былі сапраўдныя. Сем’ям Жукоў і Мажэек падаравалі палена, качан капусты, 2 грушы. Кульмінацыяй залатога вяселля стала дзяльба каравая. Які быў смачны!

Не кожнай пары пашанцуе адсвяткаваць залатое вяселле ў антуражы прадметаў традыцыйнага побыту, як у наваянчыцкім доме фальклору. Калекцыя ўражвае, сустракаюцца вельмі цікавыя ручнікі, вясельныя строі. Раіса Паўлаўна Анікеева прадэманстравала суканыя грамнічныя свечкі, а таксама абярэгі-палачкі з воску, што вешалі на шыю дзецям пасля асвячэння ў царкве на Грамніцы.

На стараверскіх могілках вялікая частка надмагільных крыжоў мае “стрэшку”. Камень-следавік пад дубам ля могілак мае сляды спроб яго раскалоць. На пляцоўцы вакол камяня-следавіка па перыметры знаходзяцца іншыя камяні.

На другіх могілках вёскі сустракаюцца старыя магілы з камянямі адначасова ў галаве і ў нагах. Краязнаўца Зміцер Скварчэўскі апавядае, што такі шлях пазначэння магілы характэрны і для іншых вёсак Барысаўскага раёна.

Алена Ляшкевіч

Частка тэксту надрукавана ў газеце “Культура”.


Фотасправаздача:  Вёска Наваянчына, Барысаўскі р-н. 27.02.2016

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.