Варвараўская свяча ў в. Басценавічы Мсціслаўскага раёна

Варвараўская свяча ў в. Басценавічы Мсціслаўскага раёна

У снежні 2015 г. дзякуючы тэхнічнай падтрымцы Інстытута культуры Беларусі адбыўся шэраг экспедыцыйных выездаў.

Былі даследаваны вёскі Звянячы, Абольцы і Гаршэўшчына Талачынскага раёна, Чыжаха, Якшыцы і Любушаны Бярэзінскага, Басценавічы Мсціслаўскага і Новая Слабодка – Клічаўскага.

16 – 17 снежня быў праведзены маніторынг абраду “Варварынская свяча”, які прыняты пад ахову дзяржавы як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь адным з першых.

Зараз абрад захоўваюць прадстаўніцы 7 сем’яў:

1.                Даўгунова (дзяв. Цяцеркіна) Ганна Мікітаўна ("Нікіцічна") 1931 г. н., нар. у в. Пацкава Мсьціслаўскага р., на сьвячу хадзіла з 14 год, у Басьценавічах – “як заехала да дачкі” (прыкладна 20 гадоў таму).

Батэнка (дзяв. Даўгунова) Людміла Мікалаеўна 1957 г. н., нар. у в.  Іоны Мсьціслаўскага р-на, ходзіць на сьвячу прыкладна з 1995 г. (“як мамка да мне заехала”). Дачка Даўгуновай Ганны Мікітаўны.

2.                Бельчанка Людміла Аляксандраўна 1954 г. н., нар. у в. Пацкава Мсьціслаўскага р., у Басьценавічах з 1975 г.

3.                Забыка (дзяв. Латушкіна) Валянціна Мікітаўна 1936 г. н., нар. у Ветцы, у Басьценавічах з 1960 г.

4.                Румянцава (дзяв. Кулікова) Юлія Андрэеўна 1940 г. н., мясц., ходзіць на сьвячу з 10 год

5.                Даўгунова (дзяв. Лук'янава)Таццяна Васільеўна 1955 г. н., нар. ва Узьбекістане, у Басьценавічах з 1985 г., тады ж пачала хадзіць на сьвячу

6.                Прылепа (дзяв. Федасенка) Зоя Леанідаўна 1975 г. н., нар. у в. Пацкава Мсьціслаўскага р-на, у Басьценавічах з 2006 г.

7.                Культработніца в. Басьценавічы Саўчанка (дзяв. Саўчанка) Лілія Леанідаўна, 1968 г. н., нар. у г. Крычаў, у Басьценавічах з 1986 г.

Абрад пачынаецца ўвечары 16 снежня, напярэдадні дня Святой Варвары, што святкуецца праваслаўнай царквой 17-га. Жанчыны сабраліся пад вечар у хаце Саўчанка Ліліі Леанідаўны, загадчыцы басценавіцкага клуба. У яе свяча захоўвалася папярэдні год.

Сёлета абрад карыстаўся вялікай увагай прэсы: з’ехаліся прадстаўнікі агенцый навінаў France-Presse і РИА-Новости, газет “Культура” і “Сельская газета” (былая “Беларуская ніва”), мсціслаўскай раённай газеты. Лілія Леанідаўна папярэджвала мужчын-журналістаў, што старэйшыя жанчыны могуць не дапусціць іх прысутнасці падчас пераапранання свячы, якая сімвалізуе жанчыну: “Як гэта – голая жанчына перад мужчынамі”. Мабыць, як лекар на працы – лекар, а не мужчына, так і журналіст. Бабулі дазволілі.

Гаспадыня зняла са свячы леташнія стужкі і вянок, потым жанчыны ўсе разам – “сукенку” і “кашулю”. З тканіны, падрыхтаванай гаспадыняй, пашылі новую вопратку, усе разам навязалі новых банцікаў, ссукалі 5 свечак: 3 пайшлі на паднаўленне “галоўкі” і “ручак” вялікай свячы, 1 неслі разам са свячой, утыркнутую ў хлеб, і 1 прызначаная новай гаспадыні.

Кажуць, Варвара дапамагае, калі яе просяць аб цяжарнасці. Распавядаюць пра жанчын, якія, абракнуўшыся, нарадзілі пасля гадоў няплоднасці, пра навукоўцаў, у якіх пасля наведвання свячы добра пайшлі справы ў працоўнай галіне. У некаторых праходзілі іншыя хваробы.

На працягу абраду фактычна 3 шанцы папрасіць Варвару, не прывабліваючы залішняй увагі: павесіць банцік са стужкі разам з усімі, памаліцца, калі ўсе па чарзе падыходзяць да свячы перад застоллем і пасля яго, перад самым вынасам. Пасля індывідуальных малітваў 2 разы наладжваюць калектыўнае маленне са спяваннем псальмаў.

Дапамагалі ў клопатах пра свячу культработнікі з Мсціслаўля. Пераапрануўшы, свячу паставіі разам з абразом ля вакна, наладзілі супольнае застолле. Раней яно праходзіла ў складчыну, цяпер жанчыны дамовіліся, што стол робіць кожная гаспадыня за свой кошт.

Раней свячу пераносілі апоўначы, сёлета неслі каля 9-й вечару: адна жанчына ўласна свячу, другая – абраз Варвары, трэцяя – бохан хлеба з утыркнутай свечкай. Калі выносяць з хаты, свечкі запальваюць, але шлях няблізкі і звычайна да канца пераносу свечкі тухнуць. Кажуць, абраз ці уласна свячу добра б хоць трошку паднесці незамужняй дзяўчыне, што хацела б уладкаваць асабістае жыццё. Падобныя звесткі сустракаліся ў Горацкім раёне: бярэ дзяўчына Варвару да сябе ў хату, а аддаюць яе ўжо бацькі, яшчэ раней (у той жа год) аддаўшы дачку замуж.

У хаце новай гаспадыні, Прылепа Зоі Леанідаўны, яны са старой гаспадыняй тройчы цалуюцца і абменьваюцца боханамі хлеба. Такі ж абмен хлебам сустракаецца на Міхайлаўскай свячы ў в. Вяляцічы Барысаўскага раёна. У в. Новая Слабодка Клічаўскага раёна гаспадыні не мяняюцца хлебам, але імкнуцца падняць кожная свой бохан чым вышэй – гэта сімвалізуе, што яна лепш шануе Міколу.

Назаўтра, 17 снежня, свячу прынеслі асвяціць у царкве. Раней вазілі ў в. Слаўнае, цяпер працуе храм у Басценавічах. Акрамя свячы, маніторынг пераносу якой мы рабілі, прынеслі другую свячу з Басценавічаў, якая ўжо не пераносіцца, і свячу з в. Белы мох. Наконт апошняй не атрымалася дакладна высветліць, ці пераносіцца яна.

Увечары 17 снежня “свячное брацтва” сабралася для застолля ў хаце Прылепа Зоі Леанідаўны, дзе свяча будзе стаяць наступны год.

Алена Ляшкевіч


Фотасправаздача:  Варварынская свяча у в. Басценавічы Мсціслаўскага р-на, 16-17 снежня 2015 г.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.