Пад цёплым крылом ягелонскай курчакі

Пад цёплым крылом ягелонскай курчакі

У сярэдзіне жніўня ў прыгожым гасцінным Любліне праходзіў вядомы яшчэ з XV і XVI стагоддзяў Ягелонскі кірмаш. У Сярэднявеччы праз гэты горад праходзілі гандлёвыя шляхі. Таму на кірмаш з розных краін з’язджаліся купцы, музыкі і артысты. Традыцыі працягваюцца. Кірмаш адноўлены ў 2007 г. і праводзіцца ўстановай “Варштаты культуры”, сёлета дзевятым разам. Вузкія вулачкі Любліна гудуць. Каціцца пад гукі дуды кура-певень на колах, сімвал кірмашу. З розных бакоў чуюцца народныя спевы і музыка, а па брукаванцы грукочуць абцасамі, спяшаючыcя на свае месцы, майстры з Польшчы, Балгарыі, Славакіі, Украіны, Літвы і Беларусі. Так, сорак майстроў, сабраныя з розных рэгіёнаў Беларусі дырэктарам культурна-адукацыйнай установы “Брэсцкі форум польскіх лакальных ініцыятыў” Ганнай Панішавай, даехалі на Ягелонскі кірмаш.

– Гэта вялікі гонар для ўсіх нас патрапіць на гэта мерапрыемства, - дзеліцца сваімі ўражаннямі майстар выцінанкі Вольга Зяноўка. – Арганізатары выставы вельмі скурпулёзна ставяцца да адбору майстроў-удзельнікаў. Яны павінны адпавядаць пэўнаму ўзроўню. Усе працы майстроў тут проста шыкоўныя. На кірмашы я ўжо другі раз. І калі я ехала, мне проста карцела хутчэй патрапіць сюды, акунуцца ў атмасферу старажытнага Любліна, пабачыць, што новага зрабілі майстры. І я не расчаравалася. Увогуле, гэта лепшая выстава, на якой я калі-небудзь была. Яна акрыляе мяне творчымі ідэямі на цэлы год.

Творчасць нашых майстроў была вельмі папулярная ў наведвальнікаў Ягелонскага кірмаша. Ткачыха з Маларыты Сцепаніда Сцепанюк усіх ахвочых вучыла прасці кудзелю, спявала народныя песні, захапляючы слухачоў глыбінёй свайго таленту, каларытам і непасрэднасцю.

Не праходзілі і міма ткачыхі з Мінска Галіны Бураўцовай, якая ткала паясы. Ахвотна, з вясёлай усмешкай, яна дзялілася з усімі сакрэтамі свайго майстэрства.

Працы майстра па пляценні з лазы і саломы з горада Гарадок Віцебскай вобласці Васіля Сіманковіча арганізатары кірмаша адзначылі дыпломам.

– Я, да праўды, не чакаў, – усхвалявана распавядае майстар.– І быў вельмі здзіўлены. Канешне, мая творчасць выклікала цікавасць сярод наведвальнікаў. Многія сталыя людзі, калі падыходзілі і бачылі мой пляцёны саламяны посуд, запытвалі: “Ён сучасны ці даўнейшы?” Справа ў тым, што я працую са спіральным пляценнем, цалкам аднаўляючы традыцыі. Жгуты з жытняй саломы ўкладаюцца па спіралі і пераплятаюцца стужкай з лазы, чаромхі ці сасновым коранем. Гэта вельмі працаёмкі працэс. Такая тэхніка была прадстаўлена сярод майстроў іншых краін. Але яна мадыфікаваная. Па спіралі яны закручвалі сена, перавязваючы шпагатам. Я, напэўна, больш назваў бы гэта фларыстыкай. Увогуле, Ягелонскі кірмаш – гэта шыкоўнае мерапрыемства. Вельмі цікава было паглядзець творчасць іншых майстроў, традыцыі, якія яны працягваюць. У палякаў быў шырока прадстаўлены наіўны роспіс па дрэве. Шырокі дыяпазон матываў, ад цацак да рэлігійнай тэматыкі. У нас гэта таксама было і захавалася толькі ў цэрквах ці касцёлах. Карацей, усё вельмі цікава. Удзельнічаць у такім мерапрыемстве адно задавальненне.

– Я закаханая ў Люблін, – усміхаецца майстар па саломапляценні Раіса Раманеня з Салігорска. – На Ягелонскім кірмашы я ўжо другі раз. Я вельмі ўдзячная Ганне Віктараўне за тое, што яна дапамагла сюды патрапіць. Гэта лепшая выстава, дзе я калі-небудзь была. Арганізацыя цудоўная. Возьмем нават майстар-класы. Гэта ж абмен вопытам! Я праводзіла майстар-клас па пляценню павука рамбічнай сістэмы. Людзі з ахвотай уключаліся ў працэс. Былі і прафесіяналы, і тыя, хто саломку трымаў упершыню. Польскія і нашы павукі адрозніваюцца. У нас яны рамбічнай формы, аб’ёмныя. А ў палякаў плыткія і нагадваюць павуціну. Робяцца так: крыж накрыж злучаюцца тры саломіны, утвараючы шэсць вуглоў. А потым гэтыя саломіны аплятаюцца дакладна як павуцінне. Майстры упрыгожваюць сваіх павукоў кожны на свой густ: хто гарохам, хто стужачкамі, а хто і саломай. І вось у палякаў строі ўсе яркія, так і павукі такія ж. Наш народны касцюм спакойны, вытрыманы, так і беларускі павук адпавядае гэтаму. А ўвогуле, выстава цудоўная. Здорава, канешне, было б, каб у Беларусі таксама праводзіўся які-небудзь міжнародны кірмаш, каб маглі з’язджацца да нас майстры з розных краін. Мы ж вельмі гасцінныя.

– І майстры ў нас цудоўныя, – пагаджаецца з Раісай мастак-кераміст Іван Дашкоў. – І паказаць ёсць што, і павучыцца не пашкодзіць. Думаю, пры жаданні можна знайсці месца для правядзення не горшага міжнароднага фестывалю. Зрабіць жорсткі адбор удзельнікаў, адказна падысці да падбору музыкаў, зрабіць прафесійнае мастацкае аздабленне фестывалю. Беларускія гарады таксама ж маюць свае старыя кірмашовыя традыцыі. Магчыма, іх проста трэба ўзгадаць…

 Юлія Дашкова


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.