Юр’я ў в. Ахонава Дзятлаўскага раёна

Юр’я ў в. Ахонава Дзятлаўскага раёна

У Інвентары НКС 2 Юр’еўскія абрады: в. Ахонава Дзятлаўскагараёна Гарадзенскай вобласці і в. Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскайвобласці. Сёлета быў праведзены іх маніторынг.

Асноўнае абрадавае дзеянне – абыход вёскі – у Ахонаве праходзіць у другой палове дня 5-га траўня, 6-га гурт спявачак толькі “праважае Юр’я за сяло”, спяваючы адпаведную песню ля крыжа.

5 мая спявачак чакаюць у ахонаўскіх хатах, дзе за год згулялі вяселле. Нават калі маладыя там не жывуць, гурт прымаюць іхнія бацькі.

Сёлета гурт збіраўся ў клубе а 17-й гадзіне. Потым накіраваўся да царквы на пачатку вёскі. Усё пачынаецца малітвай да Святога Юр’я і песняй “А мы Юр’я сустракаем” каля царкоўнага крыжа.

Да мы Юр'я пачынаем,

Да мы Бога звелічаем.

Падай, Божа, да замкоў ключы

Адамкнуці сырую зямліцу

[Да выпусціць Божую расіцу]

Да на жыта, на пшаніцу,

Да на ўсякую пашніцу,

Каб на корань караністае,

А на сцябло да сцяблістае,

А на колас каласістае -

З каласочка да жыта бочка;

Каб на таку умалотнае,

А у млыне да прымолнае,

А у дзяжы падыходнае,

А у печы да прыпёкнае,

А на стале сытна-спорнае.

Царкву ў Ахонаве пабудавалі некалькі гадоў таму, да таго Юр’я пачыналі ля прыдарожнага крыжа.

Ад гурта, які калісці сабраўся вакол выбітнай спявачкі Надзеі Бурак, засталося 2 спявачкі старэйшага ўзросту: Бранкоўская Валянціна Васільеўна 1925 г. н. і Логаш Вера Ільінічна 1938 г.н. Яны наведваюць рэпетыцыі дзякуючы арганізацыйнай працы загадчыцы Ахонаўскага клуба Святланы Яўгенаўны Франкоўскай. Святлана  Яўгенаўна родам з Ахонава, цяпер жыве ў аграгарадку Наваельня. На працу ездзіць цягніком. Распавядае, што памятае з дзяцінства, як да іх у школу прыходзіла Надзея Буряк і вучыла спяваць. Мабыць, пачутае ў дзяцінстве паўплывала і на выбар прафесіі. Сёння Святлана Яўгенаўна ведае ўсе юр’еўскія песні.

Астатнія ўдзельніцы – маледзейшыя жыхаркі Ахонава, што далучыліся да гурта пераважна пасля смерці Надзеі Бурак. Прайсці вёску з канца ў канец, ад крыжа да крыжа, гурту ў сілу ўзросту ўдзельніц цяжка. Таму адразу пасля малення ля царквы спявачкі накіроўваюцца па хатах. Старэйшых бабуль возяць на машыне Дзятлаўскага аддзела культуры.

Гурт ідзе па загадзя вядомых адрасах. З мінулага Юр’я ў вёсцы прайшло 5 вяселляў, летась – усяго адно. Калі за год не згулялі ніводнага вяселля, то гурт проста праходзіць вёску з канца ў канец, ад царквы да крыжа. Ля хаты пяюць:

Маладая малодачка,

Выйдзі-выйдзі на вулачку,

Вынясь-вынясь падарачак,

Падарачак ― паясочак.

Коку-яек на паўміску,

Каўбасою акружыці,

Белым сырам залажыці.

Маладая жонка кідае спявачкам стужку. Раней кідалі тканы пояс. Хоць паясы цяпер і не ткуць, традыцыя захавалася, людзі чакаюць спявачак, рыхтуюць пачастункі. Першая пара для таго, каб кінуць гурту “падарачак”, адмыслова прыехала з Наваельні да бацькоў у Ахонава.

Стужку разразаюць і раздаюць па кавалку ўсім прысутным. Раней паясы рвалі рукамі, без дапамогі нажніц. Рабілі гэта звычайна мужчыны. Стужачкі захоўваюць да наступнага Юр’я, яны лічацца абярэгам.

Асабліва шмат пачуццяў раздарванне пояса выклікае ў саміх маладых жанчын. Бацькі, якія кідаюць пояс за дзяцей, што нядаўна стварылі сям’ю, таксама хвалююцца.

У Ахонаве шмат прыгожых юр’еўскіх песень, якія гучаць, калі гурт ідзе па вуліцы.

Ой, хадзіла пава па балоце,

да лі, Юрай, і рана, па балоце,

Да зьбірала пава трасяйко,

Да зьвівала пава гнязьдзяйко,

Да зьнясла пава тры яечкі,

Да сядзела пава тры нядзелькі.

Высядзела пава тры паненкі:

Першая паненка - [Марынка],

Другая паненка - [Паўлінка],

Трэцяя паненка - [Наташка]

 

За гарою хмарка ўстала,

За другою гром загрымеў,

За трэцяю дожджык пайшоў,

Ў агародзе часнык ўзышоў.

Ішлі дзеўкі вулачкамі,

Пілі віно кубачкамі.

Ішлі хлопцы граніцамі,

Пілі віно дайніцамі.

Ішлі дзеўкі борам, борам,

Гаварылі з Богам, з Богам.

Ішлі хлопцы лесам, лесам,

Гаварылі з чортам лысым.

 

Ой, на вуліцы камень

Каля каменя ліпа,

Ой, на ліпе пташочкі,

Ой, высока сядзелі,

Ой, далёка глядзелі:

Ой, адкуль вецер вее,

Ой, адтуль мілы едзе.

Для гурта спявачак рыхтуюць пачастункі, якія бабулі запрашаюць спажыць разам усіх, хто іх віншаваў, у мясцовы клуб. За сталом выконваюць пазаабрадавыя песні

Увечары 6 мая свята “праважаюць” песняй ля крыжа:

Праважаем Юр’я за сяло,

да лі, Юрай, рана, за сяло,

Каб была дзявочкам вясяло.

Ой, Юр’ёва ночка маленька,

Да шыла кашулю паненка,

Ой, да яна шыла, ой, шыла,

Да Юр’ёву ночку п(ы)расіла:

― Ты, Юр’ёва ночка, памажы,

А ты, ясны месяц(ы), пасвяці,

А ты, ясна зорка, пастрачы.

Дырэктар Дзятлаўскага метадычнага цэнтра Янушкевіч Таццяна Генадзьеўна штогод прыязджае ў Ахонава на Юр’я. Удзел прадстаўніцы раёна, бачна, вельмі істотны для гурта. Таццяна Генадзьеўна не застаецца пасіўнай назіральніцай: падпявае, робіць відэофіксацыю абраду. Сёлета “кінула пояс” гурту з прыступак клуба – “за сына”, які нядаўна ажаніўся.

Таццяна Генадзьеўна апавядае, што раён хвалюе стан элемента: “Будзем падтрымліваць, як можам, пакуль бабулі ходзяць, калі не змогуць – давядзецца падмацоўваць сіламі работнікаў культуры”.

Святлана Яўгенаўна Франкоўская, загадчыцы клуба, кажа, што да абраду летась далучаліся дзеці, але сёлета ўзніклі супярэчнасці са школьным раскладам. У Ахонаве няма школы, дзяцей возіць вучыцца адмысловы аўтобус. “Складаныя песні, можа, дзеці пакуль і не дужа добра ведаюць, а лягчэйшыя, кшталту “Хмаркі” – упэўнена падцягваюць” – кажа Святлана Яўгенаўна.

Па выніках маніторынгу можна адзначыць, што абрад захоўваецца, зазанае некаторыя трансфармацыі, але застаецца для жыхароў Ахонава і ўсяго раёна каштоўнасцю.

Алена Ляшкевіч

 

 


Фотасправаздача:  Юр'я у в. Ахонава Дзятлаўскага р-на, 5 мая 2015 г.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.