Па слядох Вялікадня

Па слядох Вялікадня

На Вялікдзень у в. Бездзеж Драгічынскага раёна прайшла святочная імша, хросны ход ад старой царквы да новай і абрадавы карагод “Стрылка”, які мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

З Вялікадня (у некаторых раёнах – з Дабравешчання) у Беларусі пачынаюцца "стрэльныя" карагоды. “Водзяць стралу” 40 дзён, а на Ушэсце “хаваюць”. “Ваджэнне стралы” складаецца з карагодаў пад адмысловыя “стрэльныя” песні. У Бездзежы, як і ў некаторых іншых раёнах, акцэнтаваны пачатак “стрэльнага” перыяду, а канец, “пахаванне стралы” – страчаны.

У Бездзежы сёлета карагод заводзілі супрацоўніцы музея “Бездзежскі фартушок”, частка бабуль у гэты час спявала са сцэны.

Алены Ляшкевіч

Фота з сёлетняй урачыстасці можна паглядзець тут.

Між тым, на іншым канцы Беларусі, у в. Віркаў Клічаўскага раёна, на Вялікдзень хадзілі валачобнікі. Уражаннямі са свята дзеліцца Жана Ачыновіч, загадчык аўтаклуба цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна, кіраўнік аматарскага аб’яднання “Калагод”.

Здаўна ў вёсцы Віркаў Клічаўскага раёна на Вялікдзень, які тут завуць “Вяліканне” валачобнікі рабілі абыход двароў. Інфарманты распавядаюць, што даўней у валачобнікі хадзілі толькі мужчыны, у гурце абавязкова быў гарманіст. Пачынальнік зацягваў валачобную песню, якую падхоплівалі астатнія ўдзельнікі гурта. Так “валачыцца” маглі аж да рання, пераходзячы ад двара да двара. Дзе спявалі на вуліцы, а гаспадары выносілі свае пачастункі, у асноўным, кулічы і фарбаваныя яйкі, гарэлку, грошы, іншыя гасцінныя гаспадары нават маглі запрасіць за стол.

У Віркаве і зараз ёсць гурт. Праўда, у яго складзе толькі жанчыны. Арганізатарам гурта з’яўляецца Васькова Жанна Міхайлаўна – загадчыца мясцовага сельскага клуба. У гурце жанчыны розных прафесій: Аляхновіч Наталля Аляксееўна – прыбіральшчыца, Дубень Надзея Уладзіміраўна – бібліятэкарка, Умец Алена Генадзеўна – загадчыца крамы, Лапаціна Валянціна Леанідаўна – настаўніца. Песню спяваюць такую ж, як і раней спявалі ў вёсцы, пра курку-рабушку. Хаця па выніках шматгадовых экспедыцый валачобных песень сабрана шмат варыянтаў. У тэксце адной з песень ёсць словы “Валачобнікі валачыліся, памачыліся”. І гэтыя словы як бы выклікалі дождж. Сёлета пасля абыходу трох двароў пачаўся спачатку дробны дождж, а потым ужо лінуў як з вядра.

Сёлета ісці ў валачобнікі гурт дамовіўся ў панядзелак, бо ў нядзелю ў кожнай гаспадыні – хатнія справы: хрэснікі, якіх абавязкова трэба праведаць у гэты дзень, дзеці прыязджаюць з горада дахаты, каб адсвяткаваць Вялікдзень разам з бацькамі і роднымі. Каб падтрымаць суполку вёскі на дапамогу прыехаў аўтаклуб цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна разам з творчымі работнікамі раённага Дома культуры і цэнтральнай раённай бібліятэкі. Няма зараз у вёсцы гарманістаў, што вельмі засмучае удзельніц гурта. 

Добра хадзіць валачобнікам у вёсцы Віркаў. Людзі тут гасцінныя, усюды добра сустрэнуць, без пачастункаў ніхто не адпусціць. Бабулі, якія самі раней хадзілі у валачобнікі, вельмі расчулена слухалі знаёмую з дзяцінства песню. Казалі “каб магла, дык і я б пайшла з вамі у валачобнікі”.

Шмат планаў у гурта па адраджэнні абрадаў і традыцый у сваёй вёсцы: жанчыны хочуць правесці абрад “Каляда на дуба”, адрадзіць танцавальныя вечарыны традыцыйных танцаў і працягваць калядаванні, якія адрадзіліся і штогод праводзяцца ў вёсцы. Канечне, у гэтых добрых пачынаннях з вялікай ахвотай суполку вёскі падтрымаюць творчыя работнікі цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

Цікавая вёска Віркаў. Колькі разоў сюды ні прыязджай, знойдзеш што-небудзь новае, бо вельмі багатая гэта зямля на традыцыі, цікавая гісторыя ў Віркаўскай зямлі. На Каляды дарослыя тут ходзяць "у цыганы", а дзеці здзяйсняюць абрад "Куры", узяты пад ахову дзяржавы як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць. Радуе тое, што ёсць каму працягнуць традыцыі роднага краю.

Фота з сёлетняга валачобніцтва ў Віркаве можна паглядзець тут.

Дзякуем аўтарам за матэрыялы!


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.