Папаўненне Інвентара НКС: абрады пераносу свячы на гістарычнай Барысаўшчыне

Папаўненне Інвентара НКС: абрады пераносу свячы на гістарычнай Барысаўшчыне

Інвентар НКС на сайце папоўніўся звесткамі пра абрады пераносу свячы ў вёсках Вяляцічы Барысаўскага раёна і Наваселле Бярэзінскага раёна. Яны знаходзяцца недалёка адна ад адной (18 км). Гэтыя населеныя пункты разам з вёскай Гумны Крупскага раёна яшчэ да 1980-х гадоў складалі своеасаблівы мікрарэгіён, жыхары якога былі звязаныя шматлікімі роднаснымі і сваяцкімі сувязямі, наведвалі адно аднаго падчас кірмашоў.

Адпаведна звесткам энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі”з 1795 абедзве вёскі ўваходзілі ў Барысаўскі павет Мінскай губерніі, а потым – у Барысаўскі раён Мінскай вобласці, пакуль у 1965 годзе в. Наваселле не перадалі ў склад Бярэзінскага раёна. Адпаведна кнізе “Описание церквей и приходов Минской епархии. Выпуск ІІ. Борисовский уезд” 1879 г. у Брадоўскім прыходзе Барысаўскага павета таксама існаваў звычай пераносіць свячу, на якое свята, аднак, не пазначана.

Інфарманты і ў Вяляцічах, і ў Наваселлі кажуць, што за савецкім часам свячу пераносілі патаемна, так, каб не ведалі нават у суседніх вёсках. Аліна Фёдараўна Лазерка 1941 г. н. з Наваселля кажа, што даведалася пра перанос свячы ў Вяляцічах зусім нядаўна, праз тэлевізійную перадачу.

У абедзвюх вёсках рытуальнымі стравамі на свячу лічыліся куцця, крупеня, юшка, клёцкі. Рэцэпты адрозніваюцца крыху, але нават у адной вёсцы розныя інфарманты гатавалі па-рознаму. Даследчык М.Лісіцын піша, што ў Х – ХІVстст. у дні храмавых святаў ладзіліся грамадскія абеды, на якіх абавязковай стравай быў гаршчок кашы. Магчыма, рытуальныя стравы ў вёсках Вяляцічы і Наваселле – гэта спадкаемцы той самай старажытнай “грамадскай” кашы.

 Алена Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.