Свет шляхецкіх сядзібаў у творах Станіслава Жукоўскага

Свет шляхецкіх сядзібаў у творах Станіслава Жукоўскага

Дзякуючы кнігам “няўрымслівага паэта” беларускіх сядзібаў і паркаў спадара Анатоля Тарасавіча Федарука мы наразе ведаем як шмат іх было на нашай зямлі, якая спадчына, амаль страчаная для нас і нашых дзяцей, яшчэ можа быць прачытана па ледзь улоўных слядох. Мы яшчэ можам пабачыць і зразумець прыгажосць архітэктурных стыляў ацалелых будынкаў і ледзь бачную геаметрыю некалі выдатна сфармаваных алеяў паркаў ды зарослых сажалак… Алеж як выглядалі інтэр’еры гэтых сядзібных комплексаў, якое было там асяроддзе, якія рэчы атачалі жыцце тых, для каго гэтыя дамы былі радавымі гнёздамі… Я зараз не кажу пра шыкоўныя палацы, я маю на ўвазе дробнашляхетныя сядзібы, якіх было вельмі шмат. Падаюцца вельмі цікавымі і прыдатнымі для асэнсавання гэткага культурнага фенамена, як сядзібна-паркавыя комплексы, працы нашага знакамітага земляка Станіслава Юльянавіча Жукоўскага, які пакінуў значную спадчыну ў выглядзе карцін з краявідамі Палесся, Белавежскай і Свіслацкай пушчаў, інтэр'ерамі палацаў і шляхецкіх сядзібаў ды паркаў.

Станіслаў Юльянавіч Жукоўскі нарадзіўся ў 1873 у маёнтку Старая Воля каля вёскі Яндрохавічы Гарадзенскай губерніі. Па адной версіі, яго бацька быў пазбаўлены ўладанняў і шляхецкіх правоў за ўдзел у паўстанні 1863 года. Па выніках больш глыбокіх даследаванняў, бацька Жукоўскага ўдзелу ў паўстанні не прымаў, а пазбавіўся радавога маентка праз эканамічныя санкцыі, якія былі накладзены на тых, хто спачуваў паўстанцам. Згодна прапанове генерал-губернатара Вільні М. Мураўева, зацверджанай імператарам Аляксандрам II 26 траўня 1863 г., быў уведзены 10%-ы збор з чыстага прыбытку, які на самай справе быў асаблівай кантрыбуцыяй у рэвалюцыйным краі. У сувязі з паўстаннем былі павялічаныя і іншыя падаткі і зборы. У выніку Ю. Жукоўскі не змог утрымаць у валоданні радавы маёнтак і стаў арандатарам свайго ж маёнтка, як і большасць іншых прадстаўнікоў беларуска-польскай шляхты. Сваё дзяцінства будучы мастак правеў у радавым маентку бацькі Старая Воля. Вучыўся ў Варшаўскай класічнай гімназіі, а пасля – у рэальным вучылішчы ў Беластоку. Там жа атрымаў першыя навыкі малявання пад кіраўніцтвам С. Н. Южаніна. Параза паўстання 1863 г., высылка братоў бацькі, страта радавой сядзібы, складанае матэрыяльнае становішча сям'і і разбітыя надзеі – усё гэта паўплывала на светапогляд і душэўны стан мастака. У 1892 годзе, супраць волі бацькі мастак адправіўся ў Маскву вучыцца жывапісу. Жукоўскі быў вельмі таленавітым вучнем і прамым спадчыннікам І. І. Левітана, які з глыбокай зацікаўленасцю прыглядаўся да працы маладога студэнта.
У ранніх працах мастака, такіх як «Закат. Вярхоўі Волгі», «Вясновая вада», «Пачатак восені», «Ясная восень. Бабіна лета», «Узыход месяца», «Хоцькава», адчуваецца моцны ўплыў свайго настаўніка І. І. Левітана. Жукоўскі шмат працаваў, пісаў вялікія пейзажы з натуры, імкнуўся захаваць непаўторнае хараство кожнага імгнення. Ужо з 1895 года Жукоўскі ўдзельнічае ў выставах, а пазней становіцца адным з заснавальнікаў Саюза рускіх мастакоў. У 1896 і 1897 мастак быў узнагароджаны двума малымі срэбнымі медалямі, а пазней, у 1901 г., ён атрымаў вялікі срэбраны медаль за карціну «Месяцовая ноч», якую набылаТраццякоўская галерэя. Жукоўскі шмат падарожнічаў па Расіі, Украіне. Лета праводзіў у Цвярской і Арлоўскай губернях, дзе стварыў нямала знакамітых палотнаў.
З канца 1900-х гадоў Жукоўскі пісаў сядзібныя інтэр'еры. Галоўную ролю ў іх адыграюць вокны, з якіх адкрываецца від на цудоўны краявід.

У 1902-1903 гг. Жукоўскі паказваў свае працы на выставах аб'яднання «Свет мастацтва». Яго пейзажы адразу прынеслі мастаку вядомасць і карысталіся вялікім попытам сярод калекцыянераў. У 1907 г. мастак атрымлівае званне акадэміка і пачынае сваю педагагічную дзейнасць. Ён арганізаваў у Маскве двухгадовую мастацкую школу, у якой выкладаў аж да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917.
За карціну «Плаціна» ў 1909 г. Жукоўскі атрымаў другую прэмію імя І. А. Куінджы. У 1909 і 1913 гадох Жукоўскага ўзнагародзілі медалямі на Міжнароднай мастацкай выставе ў Мюнхене. У лютым 1917 г. ён стаў сябрам аб'яднання «Изограф», якое заявіла аб палітычным нейтралітэце. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі мастак удзельнічаў у Камісіі па ахове помнікаў мастацтва і даўніны пры Моссовете і Калегіі мастакоў пры Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Ен па-ранейшаму інтэнсіўна працуе, нягледзячы на ўсе цяжкасці. У 1919 годзе мастак пераехаў у Вятку. Тут ён працуе адначасова мастаком-дэкаратарам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам у мясцовым тэатры. У 1920 г. у Вятцы прайшла яго першая персанальная выстава. У 1921 г. ён вярнуўся ў Маскву і зладзіў другую персанальную выставу.
У 1922 г. яго працы былі адпраўленыя на Першую русскую мастацкую выставу ў галерэі Ван-Дзімена ў Берліне.
У 1923 г. ён едзе ў Польшчу. Там мастак шмат пісаў краявіды Палесся, Белавежскай і Свіслацкай пушчаў, інтэр'еры палацаў і шляхецкіх сядзібаў.

З 1923 г. Жукоўскі быў сябрам мастацкага аб'яднанні «Zachęta», а з сярэдзіны 1920-х – у Кракаўскім таварыстве сяброў прыгожых мастацтваў «Pro arte».
У гады еўрапейскага эканамічнага крызісу канца 1920-х – пачатку 1930-х гг. сябры-мастакі настойліва ўгаворваюць Жукоўскага вярнуцца ў СССР. Але гэтага не адбылося, Жукоўскі абмяжоўваецца толькі продажам сваіх карцін савецкім музеям.
З 1925 па 1939 год ён прымаў удзел у выставах варшаўскага Таварыства заахвочвання мастацтваў і заслугаваў залаты медаль, неаднаразова адзначаўся ганаровымі дыпломамі і прэміямі. Падчас акупацыі Польшчы Нямеччынай Станіслаў Юльянавіч заставаўся ў Варшаве.
Пасля разгрому Варшаўскага паўстання ён з іншымі жыхарамі быў выгнаны немцамі з горада, трапіў у канцлагер у Прушкава, дзе ў кастрычніку 1944 года, ва ўзросце 71 года, памёр. Пахаваны ў агульнай магіле, разам з іншымі ахвярамі фашызму.

Творчая спадчына мастака вялікая. Яго карціны знаходзяцца ў шматлікіх прыватных і музейных калекцыях, сярод якіх Дзяржаўная Траццякоўская галерэя, Дзяржаўны Рускі музей, Кіеўскі музей Рускага мастацтва, Нацыянальны мастацкі музей рэспублікі Беларусь, Нацыянальны музей Варшавы, Нацыянальная галерэя Кракава і інш.

Матэрыял падрыхтаваны Тамарай Матыль (архітэктар, спецыяліст у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны)

 

 


Фотасправаздача:  Творы Станіслава Жукоўскага

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.