Як цягнулі Каляду на дуба ў Клічаве

Як цягнулі Каляду на дуба ў Клічаве

21 студзеня у некаторых раёнах Беларусі яшчэ “праваджаюць” Каляды. Работнікі культуры з Клічаўскага раёна дзеляцца сцэнарыем, па якім у іх сёлета прайшло свята. Варта адзначыць, што Клічаўскі раён на Захадзе мяжуе з Бярэзінскім, у якім абрад “Цягнуць Каляду на дуба” захоўваецца ў жывым бытаванні.

Файе раённага Дома культуры аформлена пад сялянскую хату. Стаіць імправізаваная печ. Выстава сялянскага хатняга побыту. Каля увахода стаяць дзяўчаты, якія усіх, хто заходзіць, запрашаюць на свята. На эстрадзе знаходзіцца гурт-  вакальны ансамбль “Крыніца”, спявае 1 песню.  На прэктары ідзе паказ відэафільма пра абрад “Каляда на дуб”.

Выходзяць вядучыя.

Вяд. 1 Добры вечар, даражэнькія госцейкі. Ну вось сёння і скончыліся Каляды.

Вяд. 2 Мы іх добра пасвяткавалі, а зараз трэба і з гонарам правесці.

Вяд. 1 Таму сёння будзем цягнуць Каляду на дуба. Гэты абрад бытаваў доўгія часы на тэрыторыі нашага раёна.

Вяд. 2 У нашай сёняшняй імпрэзе мы зробім спробу аднавіць тыя дзеянні, якія маглі адбывацца пад час провадаў Каляд.

Вяд. 1 Мы хочам вас пераканаць, што гэта будзе вельмі весела і цікава. Будзем гуляць, танцаваць, песні спяваць, а, галоўнае, пацягнем Каляду на дуба.

Вяд. 2 Па выніках шматгадовых экспедыцый нам вядома, што гэта вясёлае дзеянне адбывалася ва ўсіх вёсках нашага раёна, амаль забыты абрад у памяці народа, але некаторыя звесткі знаходзяцца у запісах розных часоў.

Вяд. 1 Таму мы сёння дакранёмся да цікавай мінуўшчыны нашага раёна, а ў наступным годзе можна па сапраўднаму аднавіць гэта вельмі цікавае свята, каб яно радавала нас кожны год.

Вяд. 2 Сёння у нас на імпрэзе знаходзяцца вельмі пачэсныя госці, якім да спадобы народныя святы і абрады. Гэта, канечне, усе вы, хто знаходзіцца у нашым Доме культуры.

Вяд. 1 Таму мы запрашаем вас не стаяць моўчкі збоку, а прымаць вельмі актыўны удзел у свяце.

Вяд. 2 Ну, што, госці дарагія,

Перастаньце сумаваць, пачынаем святкаваць.

Вяд. 1 Каб вам свята было люба,

Пацягнем Каляду на дуба.

Вяд. 2 І не стойце сціпла з боку,

Пускайцесь у песні, танцы – скокі.

Вяд. 1 Мы да вас вельмі вялікую ласку маем

Разам. І наша свята пачынаем.

2 песні спявае вакальны ансамбль “Крыніца”.

Потым  хлопцы заносяць  імправізаваную  барану і кладуць яе пасярод залы на стол.Уваходзяць дзяўчаты з рознакаляровмія кавалкамі мацеры, стужкамі і усё гэта кладуць таксама на стол пасярод залы. Вакальны ансамбль “Крыніца” падыходзіць бліжэй да стала.

Вяд. 1 Зараз адбудзецца вельмі адказнае дзеянне. Мы запрашаем усіх дзяўчат  рабіць ляльку Каляду, а таксама усіх жадаючых. Станавіцеся ўкруг стала.

Вяд. 2 Таксама можна завязаць стужкі на барану з замовай на гэты год. Замаўляйце любыя вашы жаданні і будзьце упэўнены, што яны абавязкова збудуцца. Як гэта робіцца, вам дапамогуць нашы удзельнікі.

Артысты вакальнага ансамбля “Крыніца” пачынаюць спяваць калядныя песні. Адбываецца стварэнне лялькі Каляды.

Песні “Цераз поля й усё сцежачака, ай, лю-лі”

“Ой, калядачкі, вы хутчэй, барджэй, ой, лю-лі”

Дзяўчаты робяць ляльку, завязваюць стужкі на барану таксама у выглядзе лялькі, астатнія, стаяць гуртам і спяваюць  калядныя песні, запрашаючы усіх прысутных падпяваць рэфрэн.

Калі лялька ужо гатова, дзяўчаты высока падымаюць Каляду над галавой і крычаць “Гу-у-у-у, гатова Каляда. Гу-у-у-у”. У гэты час стол і барану адносяць у бок Дзяўчаты з лялькай Каляды, высока трымаючы яе над галавой,  ходзяць па крузе і спяваюць песню.

“Па гарэ хаджу, па бярэзнічку”

Вяд. 1 Ну вось, Каляду зрабілі. Зараз нам патрэбна бабуля з кашай або маладая дзяўчына.

Вяд. 2 Ну, якая дзяўчына мае намер у гэтым годзе пазнаёміцца з удалым хлопцам, або бабуля.

Выбіраюць, хто павязе Каляду.

У суправаджэнні музыкі прысутныя робяць доўгі ланцуг, першы трымае Каляду. Ддзяўчаты перадаюць адна адной па чарзе ляльку Каляду са словамі “КАЛЯДУ НА ДУБА”. Потым ляльку аддаюць таму, хто паедзе на санках. Таксама перадаюць гаршчок з кашай і прыносяць барану.

Вяд. 2 Зараз, дарагія удзельнікі нашай святочная імпрэзы, пад музыку пойдзем праваджаць Каляду на дуб. Чым лепшы у вас будзе настрой у час провадаў Каляд, тым лепшы будзе год на розны прыбытак.

Вяд. 1 Таму запрашаем вас не сумаваць, а пець, весяліцца і танцаваць.

Вяд. 2 Можна ва ўвесь голас крычаць. Адным словам, ствараць шумную атмасферу.

Вяд. 1 Усе зразумелі?

Вяд. 2 Тады пайшлі.

З музыкай і песняй імпрэза рухаецца да выхаду. Песню паўтараюць некалькі разоў, пакуль Каляду садзяць у санкі. Санкі цягнуць маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія хочуць у гэтым годзе набыць сабе пару, або замужнія жанчыны і жанатыя мужчыны, якія ад наступіўшага года хочуць якога – небудзь дабра. На выхадзе, калі Каляду пасадзяць у санкі, трэба усім пракрычаць“Гу-у-у-у, Каляда на дуб, гу-у-у-у!!!”. Потым спяваецца песня некалькі разоў.

“Прыйшла Каляда ўвечары”

Уся імпрэза з танцамі і скокамі крочыць да дуба. Грае вясёлая музыка. Гучыць песня “Прыйшла Каляда ўвечары”. Па дарозе да дуба можна заяжджаць у двары, рабіць астаноўкі каля перакрыжаванняў дарог і у гэты час уся працэсія павінна крычаць “Гу-у-у-у, Каляда на дуб, гу-у-у-у!!!”

Калядуючыя падыходзяць да высокага дрэва, якое знаходзицца у парку, падвозяць туды Каляду з кашай. Хлопцы бяруць барану, чапляюць на яе ляльку Каляду і вешаюць на дрэва. У гэты час уся імпрэза спявае “На дуба, Калядкі, на дуба”.

“На дуба, Калядкі, на дуба”

Уся імпрэза становіцца ў карагод і, ідучы вакол дрэва па ходу сонца, спяваюць песню.

“Ай, Калядачкі, вы вярніцеся”

Карагод ходзіць па крузе, потым, трымаючыся за рукі усе падыходзяць да дрэва, адыходзяць ад дрэва і зноў ідуць па крузе. Кожны жадаючы можа падыйсці да дрэва і, абдымаючы яго, прасіць для сябе што хоча. Да дрэва падыходзіць Каляда з кашай і прапануе усім пачаставацца кашай.

Вяд. 1 Дарагія госці, правялі Каляду на дуб, цяпер можна яшчэ крыху павесяліцца.

Пасля стылізаванага проваду Калядаў у доме культуры адбыўся майстар-клас па традыцыйных танцах Клічаўскага раёна.

Найбольш папулярнай гульнёй, не звязанай з абрадамi, у калядныя вечары была "Арэхi", або, як яе называлi, "Цот цi лiшка?". Адзiн з гульцоў браў жменю арэхаў i пытаўся ў другога, цотная цi няцотная колькасць арэхаў. Калi называўся правiльны лiк, дык той, хто адгадаў яго, атрымлiваў гэтыя арэхi, калi - не, то абавязаны быў вярнуць столькi арэхаў, колькi было ў руцэ.

Сцэнарый падрыхтавала загадчык аўтаклуба Ж. Я. Ачыновіч


Фотасправаздача:  Як цягнулі Каляду на дуба ў Клічаве

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.