Тэхніка круглага пляцення паясоў з Глыбоцкага раёна

Тэхніка круглага пляцення паясоў з Глыбоцкага раёна

У Глыбоцкім Доме рамёстваў аднавілі тэхніку круглага пляцення паясоў. Тэхналогія была зафіксавана метадыстам-майстрам Дома рамёстваў Марынай Дземяшкевіч і выкарыстоўваецца майстрам Аленай Дабравольскай падчас заняткаў у дзіцячым гуртку.

Падобная тэхніка круглага ткацтва апісаная В. І. Селівончык у яе новай кнізе "Беларускія народныя паясы. Тэхнікі вырабу.Арнамент": "Тэрыторыя распаўсюджвання круглага ткацтва на тэрыторыі Беларусі ў мінулым, мяркуючы па выяўленых на сённяшні дзень матэрыялах, насіла лакальны характар. Дакладна вядома, што паясы ў тэхніцы круглага ткацтва да сярэдзіны ХХ ст. рабілі ў вёсках Крулеўшчына, Валодзькі, Гарадзішча, Вешняя, Грабучае, Ваўкалата Докшыцкага раёна, вёсках Дземяшы, Даравое, Сяргеевічы, Рудзевічы, Хрыстова Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Карысталіся такімі паясамі да сярэдзіны 1950-х гадоў: дарылі на заручынах, у час вяселля старэйшаму свату, музыку, завязвалі, ідучы да вянца".

Тэхніка круглага пляцення, зафіксаваная ў Глыбоцкім раёне, адрозніваецца ад докшыцкага і пастаўскага круглага ткацтва. Калі для ткацтва выкарыстоўваецца чаўнок з ніткай утку і круглая дошчачка з адтулінай у сярэдзіне і няцотнай (часцей 9 ці 11) колькасцю адтулін па краёх, то для глыбоцкага пляцення – круглая дошчачка з адтулінай у сярэдзіне і цотнай (часцей 12) колькасцю прорэзяў па краёх. Уток нге патрабуецца, пояс атрымліваецца дзякуючы перапляценню нітак асновы.

Для вырабу пояса бяруцца моцныя (раней часта канапляныя) ніткі, якія застаюцца ў сярэдзіне вырабу. Уласна для пляцення снуецца 11 нітак. Усё наснаванае прадзяваецца ў адтуліну дошчачкі і завязваецца на вузел. 11 нітак размяркоўваюцца па 11 проразях. Потым супраць стрэлкі гадзінніка ад пустой проразі адлічваецца 4 ніткі, а 5-ая перакідаецца ў яе. Вузел з іншага боку дошчачкі прытрымліваецца левай рукой для стварэння нацягнення.

Пояс пляцецца досыць хутка, таму дзеці ў гуртку Алены Дабравольскай ахвотна засвойваюць такую тэхніку.

Больш наглядна з тэхнікай круглага пляцення можна пазнаёміцца тут.

У Глыбоцкім доме рамёстваў захоўваецца аўтэнтычны пояс, выраблены ў тэхніцы круглага пляцення. Ён сакавіта-ружовага колеру, канцы аздобленыя пампонамі. У экспедыцыях дома рамёстваў запісана, што такімі паясамі мужчыны падпярэзвалі верхнюю вопратку.

Глыбоцкае круглае пляценне мае вялікі патэнцыял для набыцця статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, на тэрыторыі Глыбоцкага раёна сустракаюцца паясы, вытканыя на дошчачках, на ніту ці бердзечку, і выкананыя ў тэхніцы пляцення вузламі.

Алена Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.