Дзевятая сесія Міжурадавага камітэта па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Дзевятая сесія Міжурадавага камітэта па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Дзевятая сесія Міжурадавага камітэта па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА (далей – Камітэт)  праходзіла  з 24 па 28 лістапада  2014 г. у  штаб-кватэры ЮНЕСКА  (Парыж, Францыя). На сесіі прысутнічала больш 950 удзельнікаў з розных краін свету, уключаючы членаў Камітэта, назіральнікаў і экспертаў. Старшынстваваў на сесіі – Хасэ Мануэль Радрыгес Куадрос (Перу).

На адкрыцці сесіі выступіў намеснік Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА па пытаннях культуры Альфрэда Перэс дэ Арміньян. Ён адзначыў, у прыватнасці, што  “Канвенцыя  аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны з’яўляецца амбіцыйнай, усеабдымнай і, у многіх сэнсах, наватарскай.  Яна сцвярджае важную ролю супольнасцей у падтрыманні сваёй самабытнасці і ахове нематэрыяльнай спадчыны, а таксама звяртаецца да ўсіх дзяржаў-удзельнікаў Канвенцыі ўстанавіць сапраўдную культурную дэмакратыю, якая садзейнічала б стварэнню добрых умоў для паспяховай будучыні супольнасцей, іх яднанню і ўстойліваму развіццю”.

Для даведкі: На сённяшні дзень  161 краіна  ратыфікавала Канвенцыю аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая была прынята Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА  ў 2003 г. Нематэрыяльная культурная спадчына (далей – НКС) складаецца з “жывых” дзеючых элементаў – культурных традыцый, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і прызнаюцца іх носьбітамі (супольнасцямі, групамі і ў асобных выпадках, канкрэтнымі людзьмі) у якасці іх культурнай спадчыны, выклікаюць у іх гонар і павагу. НКС укючае: вусную народную творчасць, выканальніцкія мастацтвы, сацыяльныя звычаі, абрады, святы, а таксама веды аб прыродзе і сусвеце, традыцыйныя рамёствы і рытуалы.

Міжурадавы камітэт па ахове НКС складаецца з 24 прадстаўнікоў дзяржаў-удзельнікаў Канвенцыі, якія выбіраюцца на чатыры гады. Палова  членаў Камітэта змяняецца кожныя два гады. Беларусь у складзе Камітэта была з 2005 па 2009 гг.

Парадак дня  9-й сесіі  Камітэта быў даволі насычаны  і, апроч ўсяго іншага, уключаў  дыскусію па 27 перыядычных  справаздачных дакладах, якія прадставілі дзяржавы-удзельнікі аб рэалізацыі Канвенцыі на нацыянальным узроўні.  Нагадаем, што такія даклады, у адпаведнасці з артыкулам 29 Канвенцыі 2003 г.,  усе дзяржавы-удзельнікі павінны прадстаўляць для разгляду Камітэта кожныя 6 гадоў. Перыядычная справаздачнасць дазваляе дзяржавам-удзельнікам прааналізаваць і  ацаніць  іх патэнцыял у галіне  аховы НКС, прадставіць справаздачу аб інвентарызацыі НКС  і  паказаць, як ідзе намінацыйны працэс на нацыянальным узроўні. Перыядычны даклад таксама ўтрымлівае інфармацыю аб мерах па захаванні элементаў НКС, уключаных у Рэпрэзентатыўны спіс НКС чалавецтва. 

Беларусь прадстаўлала свой перыядычны даклад на 7-й сесіі Камітэта. Ён быў усхвалены Камітэтам  і зацверджаны 3 снежня 2012 г. З тэкстам даклада можна пазнаёміцца на сайце ЮНЕСКА:  

http://www.unesco.org/culture/ich/index.php?lg=en&pg=00460.

На гэтай сесіі разглядалі два справаздачных даклады ад Беларусі: 1) аб стане элемента НКС “Калядныя цары” вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, які ўключаны ў Спіс НКС, якой патрабуецца тэрміновая ахова; 2) аб стварэнні Нацыянальнага інвентару НКС Беларусі. Абодва даклады былі зацверджаны Камітэтам. З імі можна пазнаёміцца на сайце ЮНЕСКА:

http://www.unesco.org/culture/ich/index.php?lg=en&pg=708

http://www.unesco.org/culture/ich/index.php?lg=en&pg=00009

Далей вельмі падрабязна Камітэт разгледзеў новыя намінацыі ў Спісы ЮНЕСКА, прадстаўленыя ў гэтым гадавым цыкле краінамі-удзельнікамі. Сярод спісаў Канвенцыі – Рэпрэзентатыўны спіс НКС чалавецтва; Спіс НКС, якой патрабуецца тэрміновая ахова, а таксама Рэгістр лепшых практык, праграм і дзейнасці ў галіне  аховы НКС.

Асноўным спісам Канвенцыі з’яўляецца Спіс НКС, якой патрабуецца тэрміновая ахова. Ён складаецца з элементаў НКС, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння і патрабуюць прыняцця тэрміновых мераў па іх захаванню. Уключэнне элементаў у гэты спіс мае на мэце  мабілізацыю міжнароднага супрацоўніцтва і дапамогі для зацікаўленага боку, каб  прыняць адпаведныя меры па іх захаванню. У перыяд з 2009 па 2014 год, Камітэт уключыў 38 элементаў у гэты спіс. На 9-й сесіі Камітэта ў 2014 г. у дадзены спіс было ўключана 3 новыя элементы: танец ісукуці супольнасцей Ісуха і Ідахо у Заходняй Кеніі, цырымонію амавення хлопчыкаў этнічнай групы ланго у цэнтральнай частцы паўночнай Уганды і вусную традыцыю народа малайо (Венесуэла).

Кароткая інфармацыя  аб гэтых элементах:

Танец ісукуці супольнасцей Ісуха і Ідахо у Западнай Кеніі – традыцыйны танец гэтых абшчын з хуткім рытмам,энергічны, які суправаджаецца барабаннай музыкай і спевамі. Яго выконваюць з нагоды розных мерапрыемстваў і значных падзей. Аднак, яму пагражае знікненне, бо новыя пакаленні валодаюць ім усё менш і ён амаль не выконваецца маладымі людзьмі.

Цырымонія амавення хлопчыкаў этнічнай групы ланго у цэнтральнай частцы паўночнай Уганды.

Практыкуецца ў этнічнай групы ланго і ўяўляе сабой рытуал лячэння хлопчыкаў, якія, па мяркаванню абшчыны, страцілі сваю мужнасць. Дзяця і яго маці застаюцца ў доме на працягу трох дзён, а затым здзяйсняюць шэраг рытуалаў з удзелам сям’і і супольнасці, якія садзейнічаюць прымірэнню і ўзнаўленню сацыяльнага статусу хлопчыка. Сёння многія захавальнікі традыцыі знаходзяцца ў пажылым узросце і гэта практыка ўсё часцей ажыццяўляецца таямніча з-за пагрозы адлучэння.

Вусная традыцыя народа малайо (Венесуэла). Яна ахоплівае эпас (вусныя тэксты),якія складаюць калектыўную памяць народа малайо. Захавальнікі традыцыі агучваюць гэтыя тэксты падчас штодзённай работы, садзейнічаюць умацаванню самасвядомасці свайго народа. На сённяшні дзень гэта традыцыя знаходзіцца пад пагрозай знішчэння, у сувязі з міграцыяй моладзі, развіццём прамысловасці і урбанізацыяй, а таксама з памяншэннем практычнага ўжывання мовы народа малайо.

Рэестр лепшых практык аховы НКС змяшчае праграмы, праекты і мерапрыемствы, якія найлепшым чынам адлюстроўваюць прынцыпы і мэты Канвенцыі. У перыяд з 2009 па 2014 год, Камітэт абраў 12 праграм, праектаў і адпаведнай дзейнасці  для гэтага рэестра. На 9-й сесіі у Рэестр быў уключана толькі адна намінацыя ад Бельгіі – Праграма па захаванню традыцыі гульні на карыльёне: адраджэнне традыцыі, забеспячэнне яе пераемнасці і абмен вопытам інфармавання насельніцтва: http://www.unesco.org/new/ru/media-services/multimedia/photos/intangible-photo-gallery-2014/belgium/.

Для даведкі   На карыльене – шматгалосным  музычным  інструменце  (тып званарства) звычайна гуляюць на кірмашах і ў святочныя дні. Мэта праграмы – захаваць традыцыю і яе гістарычныя кампаненты, у тым ліку рэпертуар і музычныя інструменты (званы), забяспечыць пераемнасць і ўстойлівае развіццё.   Праграма ўключае правядзенне конкурсаў, святаў з  ужываннем традыцыі, навучанне маладога пакалення і інш.  Павага да традыцыі спалучаецца з  яе мадэрнізацыяй і уключэннем у сучасны культурны кантэкст.

Рэпрэзентатыўны спіс НКС чалавецтва  складаецца з тых элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія дапамагаюць прадэманстраваць разнастайнасць гэтай спадчыны і павышаць дасведчанасць аб яе значнасці. У 2008 Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны уключыў  90 элементаў (раней абвешчаных Шэдэўрамі) у Рэпрэзентатыўны спіс і з 2009 па 2014 гэты спіс папоўніўся 224 новымі  элементамі (пры  агульнай колькасці 314 элементаў).

На 9-й сесіі Камітэта ў Рэпрэзентатыўны спіс было ўключана 34 элемента з 46 прадстаўленых намінацый. Сярод іх: “Традыцыйнае мастацтва вырабу і нашэння жаночага шаўковага платка “калягаі” і яго сімволіка” (Азербайджан); “Лаваш: выраб, значэнне і знешні выгляд традыцыйнага хлеба як адлюстраванне культуры Арменіі” (Арменія); “Тэхніка вышыўкі “Зміянне” (Боснія і Герцагавіна); “Кола капаэйры” (Бразілія); “Чыпроўскія кілімы” (Балгарыя); “Веды і ўменні, звязаныя з выкарыстаннем масцікавага дрэва на востраве Хіос” (Грэцыя), “Традыцыйная лазня па-чорнаму ў супольнасці Вырумаа” (Эстонія) і іншыя.

Сёлета Рэспубліка Беларусь не прадстаўляла намінацыі ў Спісы НКС ЮНЕСКА, аднак, удзел у пасяджэнні Камітэта быў надзвычай карысным, паколькі даваў яскравае ўяўленне пра патрабаванні папярэдняй экспертызы да намінацыйных файлаў і пра тое, як правільна і карэктна рабіць апісанні элемента ў адпаведнасці з  існуючымі крытэрыямі. У прыватнасці, найбольш  складаным для большасці файлаў, якія не прайшлі ў Рэпрэзентатыўны спіс і былі адпраўлены на дапрацоўку, стаў крытэрый 2, які сфармуляваны наступным чынам: “Уключэнне дадзенага элемента будзе садзейнічаць забеспячэнню нагляднасці  і  разуменню значнасці нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а таксама спрыянню дыялогу, адлюстраванню культурнай разнастайнасці ва ўсім свеце і будзе сведчыць пра творчую дзейнасць чалавека”. Ён давалі агульны па змесце і, вядома, вельмі складана адэкватна яго адлюстраваць пры апісанні канкрэтных дзеянняў, звязаных з элементам. Тым не меней, на сайце ЮНЕСКА размешчана досыць удалых файлаў (намінацый), якія могуць стаць для нас узорам пры фарміраванні нацыянальных  намінацый.

Таксама і з фільмамі. Фільматэка ЮНЕСКА па НКС досыць вялікая і можна заўсёды пацікавіцца якасцю, што патрабуецца пры стварэнні фільмаў, неабходных пры падачы намінацыі.

Шмат заўваг Камітэта было звязана з тэрмінамі “аўтэнтычны”, “унікальны”, якія час ад часу сустракаюцца у намінацыях і справаздачах ад краін-удзельніц.

На 9-й сесіі яшчэ раз было падкрэслена, што трэба больш уважліва чытаць Канвенцыю і не ўжываць гэтыя паняцці пры апісанні элементаў, бо яны не адпавядаюць асноўным прынцыпам Канвенцыі 2003 г.

Камітэт абраў на наступны намінацыйны перыяд Спецыяльны ацэначны орган   (для экспертызы файлаў), у які ўвайшлі як прадстаўнікі міжнароднай экспертнай супольнасці, так і  прадстаўнікі розных няўрадавых арганізацый.

Форум НДА, што займаюцца нематэрыяльнай культурнай спадчынай, праходзіў паралельна з паседзжаннем 9 Міжурадавага Камітэта краін-удзельніц Канвенцыі 2003 г. па ахове НКС (23-28 лістапада 2014 г., сядзіба ЮНЭСКА, Парыж).

На форуме Беларусь прадстаўляла РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства". Таварыства акрэдытавана ЮНЭСКА як арганізацыя-эксперт па НКС у 2014 г. Акрамя Беларусі, у Форуме ўдзельнічалі прадстаўнікі НДА з Францыі, Нарвегіі, Італіі, Бельгіі, Швейцарыі, Нідэрландаў, Партугаліі, Латвіі, Англіі, Чэхіі, Грэцыі, Кеніі, Інданэзіі, Індыі, Заходняй Афрыкі, Кыргізстана, Карэі, Бразіліі, Турцыі, Буркіна Фасо, Азербайджана, Кітая, Манголіі, Гамбіі, Мексікі, Філіпінаў, Ірана, Нігерыі.

На форуме абмяркоўваліся пытанні ролі НДА ў грамадстве, дзейнасць НДА ў галіне аховы НКС. ЮНЭСКА успрымае НДА як пасярэднікаў між мясцовымі супольнасьцямі і дзяржавай, медыятараў. ЮНЭСКА заклікае НДА праводзіць маніторынг стану НКС на месцах і кансультаваць органы дзяржаўнай улады па палітыцы ў галіне аховы НКС. ЮНЭСКА чакае ад НДА нароўні зь дзяржаўнымі ворганамі намінацый у нацыянальныя інвентары і спісы НКС ЮНЭСКА.

Некаторыя кейсы, што абмяркоўваліся:

На Філіпінах ёсьць праграма “жывыя скарбы” (“Living Treasures”), па якой носьбіты НКС, вылучаныя супольнасцю, атрымліваюць грашовыя ўзнагароды (“Living Treasures Awards”)

У Інданэзіі філасофія wayang (від традыцыйнага лялечнага тэатру) ўлучана ў праграму школ і вывучаецца ва ўніверсітэтах.

У Кітаі НДА “China Folklore Society” удзельнічала ў 2011 г. у распрацоўцы заканадаўства ў галіне аховы НКС. У правінцыі, дзе пэўнае традыцыйнае свята не было дзяржаўным выходным, яны дабіліся таго, каб такі выходны быў зроблены, т.ч. фактычна легалізаваўшы традыцыйныя святкаваньні.

У Нідэрландах веды пра Канвенцыю аб ахове НКС распаўсюджваюць усімі магчымымі шляхамі, нават на імпрэзах, што арганізуюць жаночыя глянцавыя часопісы. Галоўны прынцып – “Калі недзе збіраецца шмат людзей, туды павінны схадзіць і мы з прэзентацыяй і/ці буклетамі пра НКС". У Нідэрландах ахвотна прымаюць пад ахову элементы, што вылучаюць нацыянальныя меншасьці і “новыя”эміграцыйныя супольнасьці.

Практыка захавання ведаў і навыкаў па вырабе і нашэнні традыцыйнага касцюму ў Нарвегіі.

Камітэт такасма прыняў рашэнне аб правядзенні 10-й сесіі у Намібіі.

На сённяшні дзень Рэспубліка Беларусь прадстаўлена толькі адным элементам НКС у спісах ЮНЕСКА. Гэта – “Калядныя цары” з вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Згодна з Аперацыйным кіраўніцтвам Канвенцыі 2003 г., кожная краіна можа падаваць па 1 дасье ў год у Рэпрэзентатыўны спіс і спіс, якому патрабуецца тэрміновая ахова, а таксама 1 дасье – у Рэестр лепшых практык НКС.  Намінацыі неабходна прадставіць у Сакратарыят Канвенцыі 2003 г не пазней  31 сакавіка кожнага года.

Уключэнне ў ахоўныя спісы  нематэрыяльнай культурнай спадчыны на ўзроўні  ЮНЕСКА  вельмі  прэстыжна для любой краіны. Гэта самы просты шлях да нацыянальнай ідэнтыфікацыі ў сусветным кантэксце. Акрамя таго, праз ЮНЕСКА адбываецца шырокае распаўсюджванне інфармацыі аб нашых культурных каштоўнасцях, а гэта спрыяе развіццю турызма і  нарошчванню выгадных партнёрскіх кантактаў. 

На погляд А. Б. Сташкевіч, найбольш перспектыўнымі элементамі для намінацый у ЮНЕСКА з’яўляюцца: “Веснавыя святы беларусаў”,  “Святая пілігрымка ў гонар Маці Божай Будслаўскай і Будслаўскі фэст”,  “Ажурнае ткацтва Віцебшчыны”, “Жніўныя песні”, магчыма, “Народны тэатр “Батлейка”, “Пляценне з саломкі” (у Рэпрэзентатыўны спіс), а таксама “Русальны тыдзень на Гомельшчыне”, “Падвойнае ткацтва” (у Спіс НКС, якой патрабуецца тэрміновая ахова); фестываль “Берагіня” – у Рэестр лепшых практык па захаванню НКС. Назвы элементаў  досыць умоўныя, неабходна яшчэ падумаць, якая назва для гэтых элементаў будзе найбольш адпавядаць духу Канвенцыі 2003 г

Па сённяшні дзень не вызначана, якую палітыку неабходна праводзіць на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях у дачыненні да тых элементаў НКС, які ўвайшлі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, каб іх захаваць і забяспечыць далейшае развіццё?.  Не зразумела, хто ў выніку нясе адказнасць за падтрыманне жыццядзейнасці гэтых элементаў? Хто праводзіць маніторынг? Які статус маюць носьбіты НКС? Якія іх правы? Як рэгламентуецца  аўтарскае права ў дачыненні да элементаў НКС? Як абараніць многія элементы ад “пірацкіх” турыстычных груп? Як не дапусціць дэградацыі НКС?  Што рабіць з тымі элементамі, якія знаходзяцца ў неперспектыўных вёсках? Як будуць суадносіцца Рэспубліканскі банк даных гісторыка-культурнай спадчыны і база даных нацыянальнага інвентару НКС, якую стварае Інстытут культуры Беларусі?  І іншыя пытанні, адказ на якія не дае ніводзін нарматыўны акт.

Вельмі значным у справе захавання НКС з’яўляецца стварэнне сістэмы яе маніторынгу  і  аховы, пад якой разумеецца найперш падтрыманне жыццядзейнасці НКС і яе шырокая папулярызацыя.

Інстытут культуры Беларусі распрацаваў форму нацыянальнага дасье для элементаў НКС і на працягу 2012-2014 гг. правёў трэнінгі па запаўненні дадзенай намінацыйнай формы. У выніку надзвычай актывізавалася праца непасрэдна на месцах па выяўленні і прадстаўленні намінацый ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і Нацыянальны інвентар НКС Беларусі (он-лайн версія на беларускай і англійскай мове – сайт “Жывая спадчына Беларусі” – www. livingheritage.by). Актыўна да гэтага падключыліся грамадскія арганізацыі. У прыватнасці Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, якое мае свае прадстаўніцтвы ў рэгіёнах і акрэдывана ў ЮНЕСКА.

Такім чынам, як сведчыць практыка, сістэма ўзаемаадносін цэнтра і рэгіёнаў у дачыненні да НКС пачынае актыўна фарміравацца і  ўжо падцвердзіла сваю эфектыўнасць. Неабходна яе ўзаконіць адпаведнымі нарматыўнымі актамі. Тым не менш, выклікае занепакоеннасць, што ў 2014 г. Рэспубліканская рада па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей практычна не разглядала намінацыі па нематэрыяльнай культурнай спадчыне. У склад Рады ўваходзіць толькі адзін спецыяліст па нематэрыяльнай культурнай спадчыне, што, на наш погляд,  недастаткова, улічваючы відавочную  спецыфіку  гэтага тыпу спадчыны.

На наш погляд,  наспела неабходнасць  стварэння  Нацыянальнага  камітэта па ахове  НКС, які б узяў на сябе  місію  зацвярджэння  папярэдніх спіскаў для ЮНЕСКА  і  каардынацыю працы  па  падрыхтоўцы  нацыянальных дасье.  Нацыянальны камітэт мог бы таксама ўзяць на сябе функцыю  разгляду і  зацвярджэння намінацый у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Нацыянальны камітэт па захаванні НКС, у адпаведнасці з палажэннямі Канвенцыі, павінен уключаць у сябе экспертаў, прадстаўнікоў рэгіянальных інстытуцый і носьбітаў НКС, а таксама прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацый.  Дарэчы, аналагічныя камітэты створаны практычна ва усіх краінах-удзельніцах Канвенцыі 2003 г., а таксама ў Расійскай Федэрацыі, хоць апошняя і не ратыфікавала гэту Канвенцыю.

Надзвычай важным уяўляецца сёння наладзіць працу па стварэнні відэафільмаў для тых элементаў НКС, якія мяркуюцца намініраваць у ЮНЕСКА. Неабходна ўжо сёння скаардынаваць працу Беларусфільма па падрыхтоўцы такіх фільмаў у 2015 г.  Важна таксама адзняць новы фільм па “калядных царах” (нагадаю, кожныя тры гады  мы трымаем справаздачу перад ЮНЕСКА па гэтым элеменце, наступная плануецца ў 2017 г.), а таксама фільм для тых намінацый, якія мы будзем прадстаўляць у 2015 – 2017 гг.

Начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі

А.Б. Сташкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.