Украінскі дэкаратыўны роспіс з Петрыкіўкі (Днепрапятроўская вобласць)

Украінскі дэкаратыўны роспіс з Петрыкіўкі (Днепрапятроўская вобласць)

 

У 2013 г. у рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва было ўнесена мастацтва дэкаратыўнага роспісу з Петрыкіўкі (Украіна, Днепрапятроўская вобласць). Петрыкіўскія вырабы мы пабачылі на Ягелонскім кірмашы ў Любліне. Свае творы дэманстравалі там майстрыхі Наталля Рыбак і Наталля Рыжко.

Сяло Петрыкіўка было заснавана казакамі ў XVIII ст. Петракіўцы з гонарам падкрэсліваюць, што іх продкі ніколі не ведалі прыгону. Кажуць, што за аснову матываў роспісу ўзятыя арнаменты з Запарожскай Сечы.

Першыя роспісы рабіліся на тыкаваных пабеленых сценах хат (знутры і звонку) і на пячах. Петракіўцы казалі: "У прыгожа распісанай хаце – што ў царкве". Займаліся роспісам пераважна жанчыны. Размаляваная хата была гонарам гаспадыні і ў той жа час абавязкам – з жанчынай, у якой сцены і печ не распісаныя, нават не віталіся. Для роспісу выкарыстоўвалі натуральныя фарбы: зялёная – з соку пырэю, жоўтая – са сланечніка ці пылку кветак, чырвоная – з каліны, вішань, бураку, чорная – з сажы. Распускалі іх малаком, жаўтком з яйка, растворам вішнёвай смалы ў вадзе. Пэндзлікі рабілі з кашачай шэрсці, да таго ж выстрыгалі яе ў коткі пад лапкай, каб тая не хадзіла ў плямах і не здавалася хворай. Шэрсць прымотвалі да палачкі ніткай, не карыстаючыся клеем. Традыцыйныя матывы петрыкіўскага роспісу – птушкі (зязюлі, пеўні), каліна, кветкі.

Хату бялілі і размалёўвалі наноў некалькі разоў на год: да Калядаў, Вялікадня, Тройцы.

З развіццём прамысловасці з'явіліся т. зв. "маляванкі" – дэкаратыўныя малюнкі на паперы, выкананыя анілінавымі фарбамі. Пазней сталі распісваць побытавыя рэчы: талеркі, цацкі, лыжкі, званочкі.

У 1960-х гадах у Петрыкіўцы адчынілася фабрыка мастацкіх вырабаў, дзе пад уплывам рускага палеху сталі вырабляць сувеніры з роспісам па чорным фоне. Гэтыя вырабы разышліся настолькі шырока, што людзі лічаць іх традыцыйнымі для Петрыкіўкі. Глядзіцца роспіс на чорным фоне добра, таму майстры яго выкарыстоўваюць.

Сярод вырабаў майстрыхі Наталлі Рыбак нямала малюнкаў па зялёным, чырвоным, жоўтым фоне, але яна імкнецца найбольш працаваць па натуральнай паверхні дрэва. Робіць і маляванкі на паперы.

На пытанне, што змянілася ў Петракіўцы з унясеннем тэхналогіі роспісу ў рэпрэзентатыўны спіс ЮНЭСКА, Наталлі Рыбак толькі ўздыхае. Тлумачыць, што з апошнімі падзеямі на Украіне ўжо, на жаль, не да культуры.

Дзеці ў Петракіўцы пачынаюць вучыцца асновам роспісу ў дзіцячым садку, таму кожны – патэнцыйны майстра. Працягваюць навучанне ў мастацкай школе, цэнтры народнага мастацтва. Кожны жыхар сяла мае дачыненне да роспісу: альбо маляваў у дзяцінстве, альбо малюе хтосьці з родных, сваякоў. У Петрыкіўцы каля 15 заслужаных майстроў народнай творчасці (гэта на 5 тысячаў насельніцтва!). Малююць і ў суседніх вёсках, даўней роспіс бытаваў на тэрыторыі ўсёй Днепрапетроўскай вобласці, але захаваўся менавіта ў Петрыкіўцы і стаў звацца петрыкіўскім.

Традыцыйна ў Петрыкіўцы на дзень святых Пятра і Паўла праходзіў фэст у гонар апекуна вёскі, з якога вырас фестываль народнай творчасці. Цяпер гэта падзея абласнога маштабу, фестываль не прымяркоўваецца больш да пэўнага дня. Дзень Пятра і Паўла ў Петрыкіўцы святкуюць, але не так маштабна, як раней.

Алена Ляшкевіч


Фотасправаздача:  Украінскі роспіс з Петрыкіўкі на Ягелонскім кірмашы ў Любліне

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.