Ягелонскі кірмаш у Любліне, жнівень 2014 г.

Ягелонскі кірмаш у Любліне, жнівень 2014 г.

Ягелонскі кірмаш (Jarmark Jagielloński) у Любліне – адна з самых вядомых у Польшчы і за яе межамі імпрэз, звязаных з папулярызацыяй традыцыйных рамёстваў. Карані традыцыі яго правядзення сягаюць у XV стагоддзе. У шэрагу мэтаў кірмашу – развіццё супрацы з усходнімі суседзямі Польшчы: Беларуссю, Украінай, Літвой. Таму кожны год у Люблін прыязджае шмат беларускіх майстроў, сёлета – больш за 40. Палова з іх дабралася да Любліна дзякуючы дзейнасці Форума польскіх лакальных ініцыятыў Брэста і Брэсцкай вобласці. Галоўны каардынатар арганізацыі, Ганна Панішава, распавяла, што рамеснікаў шукалі праз Саюз майстроў народнай творчасці і праз асабістыя знаёмствы. У арганізацыі паездкі дапамагалі загадчыца аддзела народнай творчасці Брэсцкага абласнога метадычнага цэнтра Ларыса Быцко і выкладчыца Марына Марчук. Для пані Ганны гэта ўжо 8-ы Ягелонскі кірмаш, на які яна арганізуе паездкі беларускіх майстроў. Сярод удзельнікаў – вышывальшчыцы Галіна і Яніна Рудніцкія (г. Мінск),  аўтар вырабаў з сена Таццяна Сцяпурка (г. Салігорск), ткалля Галіна Бураўцова (г. Старыя Дарогі), майстар па вышыўцы і ткацтве Валянціна Струнец (г. Маларыта), майстры па выцінанцы Марына Марчук (г. Брэст), Вольга Бабурына (г. Мінск), Валянціна Слюнчанка (г. Мінск) і Ніна Сакалова-Кубай (г. Мінск), кераміст Валер Марчук (г. Брэст), Наталля Кавалевіч з таканымі вырабамі і птушкамі з сасновай дранкі (г. Бяроза), Сцепаніда Сцепанюк з тканымі вырабамі і калаўротам (в. Дарапеевічы, Маларыцкі р-н), майстар драўлянай скульптуры Іван Супрунчык (в. Цярэблічы, Столінскі р-н), майстры бісерапляцення Вера Зянкевіч (г. Мінск) і Святлана Панасюк, майстар па пляценні карункаў Нэлі Бялова (г. Брэст), вышывальшчыцы Наталля Гамаюнава (г. Мінск) і Ніна Яшушчык (в. Бездзеж, Драгічынскі р-н), майстар па пісанцы Наталля Квасевіч, саломапляцельшчыца Раіса Раманеня (г. Салігорск).

Плошчу, дзе змясціліся рамеснікі, упрыгожвалі вялікія скульптурныя выявы кур – сімвал кірмашу. Тэмай сёлетняй імпрэзы былі абраны выцінанка і вяселле. Таму імкнуліся запрашаць паболей майстроў па выразанні з паперы, хаця іншыя рамёствы былі таксама паказаны досыць добра. На працягу кірмашу прайшлі майстар-класы па выцінанцы, працавала некалькі выстаў выцінанак з розных рэгіёнаў Польшчы.

Вясельныя традыцыі Люблінскага рэгіёну былі паказаны на выставе ў замку. Наведвальнікі пабачылі старыя фотаздымкі, драўляную скульптуру і народны жывапіс на вясельную тэматыку, пасаг маладой, каравай. Акрамя таго, прайшло некалькі майстар-класаў па вясельных песнях з фінальным выступам навучэнцаў.

Усе 3 дні кірмашу ў Любліне панавала атмасфера сапраўднага свята, нават негледзячы на дождж. Удзень гралі вулічныя музыкі, увечары гурты выступалі са сцэны, праходзілі танцы.

У вочы кідалася вялікая колькасць майстроў-керамістаў. Асабліва запомніліся ганчарныя вырабы з Коўна (Літва) і Апішна (Украіна). У Коўне яшчэ за савецкім часам утварылася школа керамістаў. Пасля распаду СССР распалася і школа, але традыцыя засталася. У горадзе да сёння шмат керамістаў і ганчароў, толькі працуюць яны ўжо самастойна. Натхняючыся традыцыйнымі формамі народнай керамікі, ствараюць сапраўдныя творы мастацтва.

Прыцягваюць увагу ганчарныя вырабы з украінскага Апішна. Керамістка Таццяна Чэх апавядае, што майстры зацікаўленыя ў адраджэнні традыцыйнага роспісу. Вялікая фабрыка мастацкіх вырабаў зачынілася, цяпер керамісты працуюць у прыватных майстэрнях. У межах майстэрні адны супрацоўнікі займаюцца непасрэдна вырабам прадукцыі з гліны, іншыя – толькі расфарбоўкай. Традыцыйны арнамент – раслінны і зааморфны. Фарбы атрымліваюцца шляхам дадавання крамных фарбавальнікаў у белую гліну. Зараз размалёўваюць спрынцоўкай, раней карысталіся гусіным пер'ем, кароўімі рагамі. Традыцыйныя для апішнянскага роспісу колеры расфарбоўкі – чорны, белы, сіні, зялёны, чырвоны. Жоўты – гэта ўжо сучасны элемент. Традыцыйныя формы – свістулькі, посуд, дробная пластыка. Апошнімі часамі сталі рабіць званочкі. У Апішна дзейнічае школа эстэтычнага выхавання. Там дзеці могуць вучыцца ганчарству і скульптуры, пераймаючы такім чынам вопыт старэйшых апішнянскіх майстроў. Апішнянская кераміка разыходзіцца ў асноўным па Украіне, на экспарт ідзе зрэдку.

На інтэрнэт-старонцы кірмашу можна паглядзець спіс майстроў і суполак, з якімі супрацоўнічаюць арганізатары.

Алена Ляшкевіч


Фотасправаздача:  Ягелонскі кірмаш у Любліне

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.