Экспедыцыя РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" ў Чавускі раён, жнівень 2014 г.

Экспедыцыя РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" ў Чавускі раён, жнівень 2014 г.

Кароткая экспедыцыя РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" прайшла на працягу апошняга тыдня жніўня ў Чавускім раёне. Удзельнічалі прадстаўнікі мінскай, магілёўскай і полацкай суполак арганізацыі. Да сяброў Таварыства далучыліся палякі з фундацыі "Wszystkie Mazurki Świata".

Адным з самых яркіх момантаў стала сустрэча з аўтэнтычным гуртом “Незабудкі”. Спявачкі з’яўляюцца аднымі з самых яскравых носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны той часткі левабярэжжа Дняпра, што лакалізаваная ў міжрэччы Сожа і Проні. Падчас экспедыцыі на тэрыторыі раёна былі апытаны і іншыя яркія выканаўцы традыцыйных спеваў. Некалькі спявачак з розных вёсак выканалі псальму пра цмока. Гурт "Незабудкі" нават выступаў з гэтай псальмай на фестывалі Цмока ў Лепелі.

У выправе ўзяў удзел гарманіст Аляксей Крукоўскі, таму адным з накірункаў даследаванняў стаў пошук гарманістаў і фіксацыя танцавальных найгрышаў і фігур. Асабліва пільна шукалі мясцовыя варыянты танцаў “Шахцёр” і “Лянцяй”. Пыталіся таксама пра танцавальны этыкет, арганізацыю вечарынак, аплату працы музыкаў, прыпеўкі пад танцы. Высветлілася, што кожны гарманіст прыносіў з сабой на вечарынку бубен, які тут звалі "барабан". "Барабаніць" жа браўся хтосьці з прысутных танцораў. У в. Гарбавічы былі вечарынкі двух тыпаў: "складчына" (для жанатых пар) і "вечарынкі на пятачку" (для моладзі).

Яшчэ засталіся бабулі, што ўмеюць шаптаць. Самыя простыя замовы (ад спуду, ад сурокаў) ведала ледзь не кожная жанчына ў вёсцы, больш складаным трэба было вучыцца, перапісваць тэксты, пераймаць. Кажуць, што для пераймання замоў “сярэдняга ўзроўню складанасці” (ад рожы, ад звіху) дастаткова было вывучыць тэкст. Але дапамагала замова толькі ад тых, хто быў першым ці апошнім дзіцём у сям’і. Навяртанне дзяцей да пратэстантызму  не ўплывае на рашэнне маці працягваць шаптаць: “Кажуць, грэх гэта. Дык які ж гэта грэх, калі дапамагае?”

У раёне згадваюць даўнейшыя звычаі пераносу свячы на Міхайлу, Варвару і Міколу.

Сустрэлася некалькі цікавых узораў народнага наіўнага жывапісу: алень аўтарства мясцовага мастака. сюжэтны малюнак "Казак і дзяўчына", рамка для абраза, размаляваная ружамі па шкле.

У Чавускім краязнаўчым музеі і этнаграфічных кутках устаноў культуры захаваліся ўзоры старажытнага тэкстылю: аздобленыя процягам, лікавай гладдзю і рошвамі ручнікі, андаракі ў кратку, паясы, тканыя на ніту. Большая частка кашуль вышытая крыжыкам, але сустракаюцца і больш старажытныя віды аздаблення.

Падчас вяселля ў раёне, як і ўсюды па Беларусі, поезду маладых ставілі рагатку. Вось толькі назва ў гэтага дзеяння незвычайная ­  “закідаць зайца”.

Жыхары Чавускага раёна ведаюць пра святую крыніцу ў в. Наркі Чэрыкаўскагараёна, завуць яе “Брязгун”.

Алена Ляшкевіч

Фота з архіву РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”


Фотасправаздача:  Экспедыцыя РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" ў Чавускі раён, жнівень 2014 г.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.