Фестываль "Жнівень" у в. Вялікі Поўсвіж Лепельскага раёна 2 жніўня 2014 г.

Фестываль "Жнівень" у в. Вялікі Поўсвіж Лепельскага раёна 2 жніўня 2014 г.

2 жніўня прайшоў фестываль "Жнівень" на аграсядзібе "Поўсвіж" Лепельскага раёна. Фэсту папярэднічаў пленэр "У княстве Лепельскага Цмока", вынікі якога наведвальнікі фестывалю маглі пабачыць на вернісажы. На пленэр і фэст з'ехаліся мастакі і скульптары з Паўночнай Беларусі, краязнаўцы з Лепеля і ваколіцаў.

На фэсце выступіў віцебскі гурт "Паўночная Сухадроўка" са жніўнымі песнямі і баладамі пра Цмока, якога на Лепельшчыне нават ушанавалі помнікам. Выявы цмокаў сустракаюцца на старых ліштвах і нават на двярных клямках.

Мінчукі з гурта "Літы талер" гралі пераважна сярэднявечную праграму, госці з задавальненнем вучылі еўрапейскія і беларускія танцы. Тыя, хто таньчыць не любіць, але рухацца хацеў, маглі пагуляць па сядзібе на хадулях.

Далучаўся то да музыкаў, то да танцораў гаспадар аграсядзібы Васіль Шкіндзер. Збольшага наведвальнікі, мастакі і музыкі – яго сябры ці даўнішнія знаёмцы. Кожнага выступоўцу і майстра гаспадар ушанаваў дыпломам, на памяць аб удзеле. Спадар Васіль беларускамоўны, пяць год таму ад знакамітага дудара Тодара Кашкурэвіча навучыўся граць на дудзе, у яго ж дуду і набыў. Зараз наведвае дзіцячую музычную школу, хоча яшчэ засвоіць манеру ігры на скрыпцы. Скрыпкі з традыцыйным гучаннем ён перарабляе са старых савецкіх, разбіраючы іх і трохі карэктуючы дэталі. "Тэхнічная адукацыя – кажа спадар Васіль – дазваляе мне разумець, як утвараецца гук, што паправіць, каб ішоў так, як трэба". На аграсядзібе гаспадар сабраў музей з рэчаў традыцыйнага сялянскага побыту. Чаго толькі тут няма! Вочы разбягаюцца. Для модніц – люстэрка з панскай сядзібы ў Шаркаўшчынскім раёне, для гандляроў – польскія вагі міжваеннага часу вырабу, якія дасюль дакладна ўзважваюць, у чым і пераканаўся адзін з наведвальнікаў фэсту. Спяшайцеся ў Вялікі Поўсвіж, люстэрка хутка з'язджае на рэстаўрацыю! Шмат сельскагаспадарчых прылад, інструментаў для апрацоўкі льну. Ёсць рабочыя кросны, праўда, не запраўленыя. Другія знойдзеныя падчас экспедыцый кросны спадар Васіль падараваў Лепельскаму дому рамёстваў. Супрацоўніцы, у сваю чаргу, вышылі для Васіля Шкіндзера кашулю па аўтэнтычных узорах.

Наведвальнікі маглі набыць на фэсце кераміку, драўляныя вырабы, выцінанкі, а таксама кашу і гарбату з зёлак. Таму з'язджалі накормленыя і з сувенірамі.

Васіль Шкіндзер бярэ актыўны ўдзел у ахове і папулярызацыі элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, каляднага абраду "ЖаніцьбаЦярэшкі". У Вялікім Поўсвіжы засталося некалькі інфармантаў, што памятаюць, як ажаніць Цярэшку правільна. Ад іх Васіль Шкіндзер запісаў усе патрэбныя звесткі, што дазволіла ўдыхнуць у правядзенне абраду ў мясцовым клубе новае жыццё. Штогод спадар Васіль выступае адным з галоўных арганізатараў, удзельнічае ў абрадзе як Бацька, што падбірае пары. Бацька і Матка – бадай што галоўныя персанажы гульні, на іх спрыце і дасведчанасці трымаецца абрадавае дзеянне. "Вельмі істотна – кажа спадар Васіль – прыцягваць да ўдзелу ў Цярэшцы моладзь, асабліва мясцовую. Я мог бы запрасіць групу да сябе на аграсядзібу, арганізаваць для іх асобна "Жаніцьбу Цярэшкі". Але я заклікаю сваіх гасцей далучацца да Цярэшкі ў клубе, вельмі рады, што ёсць узаемадзеянне з мясцовай супольнасцю".

Недалёка ад аграсядзібы – возера, да Лепеля ўсяго 4 кіламетры. Прыязджайце ў "Поўсвіж", не пашкадуеце! Сачыце за навінамі, магчыма, у верасні спадар Васіль арганізуе фэст "Багач".

Алена Ляшкевіч


Фотасправаздача:  Фестываль "Жнівень" у в. Вялікі Поўсвіж Лепельскага раёна 2 жніўня 2014 г.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.