Брама скарбаў Ларысы Лось

Брама скарбаў Ларысы Лось

  Царская брама – двухстворкавыя дзверы ў цэнтры іканастаса насупраць алтара, галоўная брама іканастаса ў храме. Царская брама вядзе ў алтар храма і сімвалізуе вароты ў рай. Некалі, як лічаць, Царскай Брамай называліся навогул дзьверы ў царкву. Царскія брамы з саломкі – гэта выключна беларускі твор мастацтва. Іх няма ні ў адной краіне свету, нават у суседніх Расіі і Украіне. Зараз толькі тры аўтэнтычныя саламяныя царскія брамы захоўваюцца ў музеях: у Нацыянальным мастацкім музеі (царская брама, знойдзеная ў 1956 годзе ў в. Лемяшэвічы Пінскага раёна), а таксама Вавуліцкая царская брама з Драгічынскага раёна і брама з Барысаглебскага манастыра, якія знаходзяцца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Ні ў адной царкве такіх брамаў няма. 

Саломка – не надта трывалы матэрыял і невядома, колькі яшчэ змогуць захоўвацца арыгіналы, таму вельмі слушна, што праводзіцца рэстаўрацыя і ствараюцца дакладныя копіі гэтых унікальных твораў народнага мастацтва. Такой складанай і адказнай працай займаецца народны майстар Беларусі, мастачка Ларыса Лось, якой нядаўна споўнілася 86 гадоў. Вечная працаўніца, як і ўсе беларускія жанчыны, яна і зараз выплятае саламяныя карункі ды стварае незвычайнай прыгажосці складаныя па тэхніцы выканання царскія брамы, вяртаючы іх з нябыту, рэстаўруе, аднаўляе сапраўдныя шэдэўры беларускага саломапляцення. 

Ларыса Лось нарадзілася 25 ліпеня 1928 года ў в. Княжыцы на Магілёўшчыне. Зараз вёска злілася з абласным цэнтрам. Вучылася ў Мінскім мастацкім вучылішчы на адным курсе з Л. Шчамялёвым, М. Данцыгам, Г. Паплаўскім. Народны мастак Беларусі Віталь Цвірка, яе настаўнік, прадказваў ёй добрую будучыню "жывапісца ў прыкладным мастацтве". На трэцім курсе выйшла замуж, а ў 1968 годзе нечакана памёр муж, засталася з трыма дзеткамі. Працавала ў арцелі 3-й пяцігодкі, распісвала хусткі, сцягі, купоны, распісвала іх пэндзлікамі і трафарэтамі. А потым гэтая арцель ператварылася ў Мінскую мастацкую скургалантарэйную фабрыку, што была ў раёне Камсамольскага возера, дзе яна была галоўным мастаком. Па сумяшчальніцтву ў Палацы піянераў вяла гурток саломапляцення, там, кажа, з 15-ці чалавек было мо пяць здольных. Але працавалі з дзецьмі творча, вучоба была як гульня. Яшчэ пэўны час была мастаком газеты “Зорька”.

У канцы 1960-х гадоў Ларыса Лось пачала распрацоўваць сувеніры з саломкі. Першымі ўзялася за лялькі. Каб вывучыць асаблівасці вырабу традыцыйнай беларускай саламянай цацкі, Ларыса Мікалаеўна ездзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі па Беларусі, сустракалася з сельскімі жыхарамі, запісвала ад іх сакрэты народнага рамяства. Народную тэхналогію вырабу конікаў, падвясных і стаячых птушак захавала ў сваіх аўтарскіх творах. Усе працы Ларысы Мікалаеўны заснаваны на перагнутых пучках саломкі без чарнавых каркасаў. Майстрыха стварыла шэраг фігур анімалістычнага жанру (птушкі, коні), дэкаратыўныя пано (“Сонейка”, “Кветкі”, “Пралеска”, “Зоркі” і інш.). яна ўдзельніца міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх выстаў. Работы знаходзяцца ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР, Музеі этнаграфіі народаў СССР у Ленінградзе і Гістарычным музеі ў Маскве. Зараз творы Л. Лось ёсць і ў ЗША, і ў Англіі і іншых еўрапейскіх краінах.

Самай знакавай работай Ларысы Лось з’яўляецца рэканструцыя царскай брамы. І не адной. Яна рэстаўравала ўжо некалькі ўнікальных твораў дэкаратыўна-побытага мастацтва. Гэта вельмі няпростая работа. Царскія брамы зазвычай вырабляліся з дрэва. Знакамітая беларуская полая разьба з пазалотаю была выканана беларускімі разьбярамі і шчодра ўпрыгожыла іканастас маскоўскага Крамля і іншыя расійскія храмы. Па традыцыі брама ўпрыгожвалася золатам і каштоўнымі каменьчыкамі, але тры стагоддзі назад беларускія майстры замянілі пазалочаную разьбяную пазалоту Царскай брамы карункавым пляценнем з саломкі, а замест каштоўных уставак выкарыстоўвалі кавалачкі чырвоных і сініх лапікаў тканіны – менавіта з гэтых колераў складалася гама беларускага народнага адзення. Саломка ззяла на сонцы, захоўваючы цяпло зжатага поля і колер сонечных промняў. Складаныя саламяныя канструкцыі складаліся ў дзівосныя ўзоры. На Палессі ў храмах з саломы рабілі іканастасы і вянкі для шлюбу.  

 На жаль, саломка – матэрыял не вечны, з часам царская брама цямнела, пакрывалася пылам і воскам, страчвала бляск. Каб уратаваць унікальныя творы саломапляцення, Ларыса Лось у 1976 годзе была накіравана ў Гродзенскі гісторыка-археалагіны музей, дзе працавала над рэстаўрацыяй царскай брамы з Барысаглебскага манастыра. Разам з дачкой Аленай яны аднавілі таксама царскія брамы з палескіх вёсак Лемяшэвічы і Вавулічы.  

Ларыса Мікалаеўна ўспамінае:

– Далі мне рэстаўраваць гэтую царскую браму, скручаную, вяроўкай перавязаную. Асабліва Лемяшэвікая брама была разбураная. Нам выдзелілі месца ў музеі, там мы асцярожна вычысцілі саламяныя дэталі, зрабілі копію. Ва ўсіх брамах больш за ўсё былі разбураныя і рассыпаліся злучэнні элементаў, якія былі сшыты льнянымі ніткамі. Ад часу ніткі спарахнелі і літаральна рассыпаліся ў руках. Дрэнная захаванасць брамы дазваляла аднаўляць штодня толькі невялікія фрагменты паверхні, памерам прыблізна  15х15 см. Салому чысцілі растворам дзіцячага мыла, затым размочвалі, распляталі, выдаляючы сапсаваныя ўчасткі і вывучаючы тэхналогію. Усе пляцёнкі выконваліся, як і ў арыгіналах, на лазовых дубчыках. Ад нас патрабаваўся ідэнтычны паўтор тэхналогіі і кампазіцыі. – Вавуліцкая царская брама была другой, яна не так была страчана. Мы з дачкой яе прамывалі, чысцілі ад пылу, воску, сажы. Гэта ж была такая чарната, як гэты чорны стол. Толькі вычысцім, а яна рассыпаецца, трушчыцца. Калі я зрабіла гэта ўсё з нашай залатой саломкі, то мастакі, супрацоўнікі музея збягаліся паглядзець.

Такім чынам, народны майстар Ларыса Лось рэстаўравала тры царскія брамы, а чацвёртую рэканструюе па фатаграфіі брамы, знойдзенай у Літве. У арыгінале яна не захавалася. Ёсць інфармацыя, што гэта тая царская брама, якая была ў Мінскім археалагічным музеі. Навуковец, мастацтвазнаўца  Вольга Лабачэўская знайшла  ў Вільні  маленькі фотаздымак 20 х 15 см. На другім боку таго здымачка была пячатка, такая ж, як і на слуцкіх паясах, калі ў 1925 годзе яны былі на міжнароднай выставе ў Францыі. Напэўна, і гэтая брама была на той жа выставе. Фота павялічылі, і майстрыха таксама наноў спляла яе з залатое саломкі.

Дакладная копія царскай брамы пачатку XIX стагоддзя з вёскі Лемяшэвічы Пінскага раёна, набытая ў Ларысы Лось Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь, стала 30-тысячным музейным экспанатам. Копія выстаўлена ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея, Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы. Арыгінал цяпер захоўваецца ў галоўным корпусе музея. Падчас прэзентацыі 30-тысячнага экспаната музея Яўген Сахута, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства, адзначыў, што “ні ў адной краіне свету не выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання сваіх храмаў звычайную жытнюю салому, якая засталася пасля абмалоту збожжа, замяніўшы бляск пазалоты на дрэве бляскам застылага сонца на жытнёвых сцяблінах. Гэтую ўнікальную традыцыю захавала ў сваёй творчасці Л.М. Лось. Твор “Царская брама” выкананы з захаваннем усіх старажытных тэхналогій”. 

У Ларысы Лось трое дзяцей, усе мастакі, члены Саюза мастакоў Беларусі. Народны майстар Беларусі, Ларыса Мікалаеўна працягвае супрацоўнічаць з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці, ахвотна дзеліцца сакрэтамі свайго майстэрства з маладымі майстрамі. Кажуць, што ўнукаў бабулі любяць болеш чым дзяцей. Самы мілы і блізкі ды вельмі сімпатычны чалавек – унучка Марыся Лось, разумніца і працаўніца, памочніца і аднадумца. Яна магістр мастацтвазнаўства, а тэма яе навуковай працы – “Беларускія сламяныя царскія брамы. Канец ХVІІІ – пачатак ХІХ стагоддзяў”. 

– У бабулі шмат матэрыялаў, – расказвае Марыся. – Яна і зараз працуе і шмат чаго памятае. Я маю доступ да такіх матэрыялаў, якія нікому так блізка з дзяцінства не былі даступнымі. Гэта сур’ёзная праца, якая мусіць дадаць матэрыялы ў гэтую тэму, бо ёсць прабелы, ёсць толькі апісанні, проста канстатацыя, а вось разабрацца, што гэта ўніяцкае барока, чаму брама выраблена з саломы, якая мясцовасць, уплывы – ніхто не працуе з гэтым як са стылістычным матэрыялам, няма мастацтвазнаўчага аналізу і матэрыял у гэтым рэчышчы не выходзіў.

Брама саламяных скарбаў Ларысы Лось заўжды адчынена для добрых і шчырых людзей, для калег-майстроў. Яна не хавае сваіх твораў і паказвае тэхналогію вырабаў, адорвае ўсіх прыгожымі конікамі ды птушкамі. У невялікай утульнай кватэры народнага майстра над саламянай царскаю брамай лунаюць саламяныя птушкі, а саламяныя анёлы ахоўваюць гэты ўтульны і гасцінны дом.

Галіна Суша, спецыяліст аддзела традыцыйнай культуры Інстытута культуры Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці


Фотасправаздача:  Саламяныя вырабы Ларысы Лось

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.