Нематэрыяльная культурная спадчына Салігоршчыны

Нематэрыяльная культурная спадчына Салігоршчыны

Салігорскі раён багаты на розныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны: абрады, святы, выканальніцкія мастацтвы, рамёствы. Асяродкамі, дзе найбольш плённа захоўваецца і транслюецца традыцыйная культура, з'яўляюцца вёскі Рог і Восава, а таксама Ананчыцы.

У в. Рог узяты пад ахову дзяржавы элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Калядны абрад Шчадрэц" (больш інфармацыі пра яго можна атрымаць тут і тут). Пераемнікамі каляднай традыцыі в. Рог з'яўляецца гурт "Палескія крыніцы", які напалову складаецца з бабуль в. Рог, а напалову – з маладзейшых жанчын в. Восава. Да таго ж дзейнічае дзіцячы гурт-спадарожнік "Палескіх крыніц" "Ручаёк".

У Ананчыцах фальклорна-этнаграфічны калектыў быў створаны ў далёкім, як цяпер здаецца, 1965 годзе. Рэпертуар яго вельмі разнастайны. Ён складаецца з мясцовых каляндарна-абрадавых, сямейна-абрадавых, побытавых, жартоўных, лірычных, пазаабрадавых песень. Удзельніцы гурта валодаюць рознымі жанрамі вуснай народнай творчасці: ведаюць замовы, прыказкі, прымаўкі, загадкі, казкі, легенды і паданні. Рэпертуар багаты таксама і танцамі: “Сербіянка”, “Матлёт”, “Карапэт”, “Людзвінка” і г. д.

За час свайго існавання фальклорна-этнаграфічны калектыў в. Ананчыцы выступаў па ўсёй Беларусі, а таксама ў Літве і Польшчы, яшчэ ў савецкі час у Маскве на фірме "Мелодыя" запісаў пласцінку. Пры народным фальклорным калектыве створаны дзіцячы калектыў-спадарожнік “Лянок”, у якім дзеці з задавальненнем пераймаюць майстэрства сваіх бабуль.

У Ананчыцах дасюль калядуюць, гукаюць вясну. Вялікае свята для вёскі – рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва "Сугалоссе", які ў 2014 г. прайшоў 5-ы раз. На фэст з'язджаюцца фальклорныя гурты з усёй Мінскай вобласці. На кірмашы рамёстваў падчас фестывалю выстаўляюцца вырабы майстроў Салігоршчыны. У раёне сустракаюцца вельмі цікавыя тканыя рэчы, але актыўнай дзейнасці па аднаўленні мясцовых тэхналогій ткацтва, на жаль, не вядзецца. Папулярнасцю карыстаюцца гурткі па саломапляценні, вышыўцы, інкрустацыі саломкай, вырабе лялек. Штогод у раёне праходзіць тыдзень традыцыйнага строю. Пры клубных установах вёсак Восава, Доўгава, Старобін, Вялічкавічы, Гоцк, Старыя Цярушкі, Хорастава, Скаўшын дзейнічаюць пакоі-музеі, дзе сабраны мясцовыя прадметы традыцыйнага побыту.

 Фота з фестывалю "Сугалоссе" 2014 г. можна паглядзець тут.

Алена Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.