Выступ гурта "Ягорава гара" на фэсце "Купальскае кола"

Выступ гурта "Ягорава гара" на фэсце "Купальскае кола"

Гомельскі музычны фольк праект "Ягорава Гара" прыняў удзел у VI міжнародным фольк-метал фестывалі "Купальскае кола", што прайшоў у мінскім клубе Рэ:Паблік. Гэта быў першы клубны выступ гурта.

"Ягорава Гара" грае кампазіцыі на аснове аўтэнтычных песень Гомельскай вобласці. Да таго ж, матэрыял, які перапрацоўваюць музыкі – гэта ў асноўным іх уласныя палявыя запісы. Выступаючы, гурт прытрымліваецца календару: песні, хоць і апрацаваныя, абірае "па сезоне". На "Купальскім коле" разам з купальскай "Ой, рана на Купала” прагучала песня, што традыцыйна выконвалася падчас збору ягад ("Ой, у лесе на дубочку"), карагодныя "Ой, пусці, маці” і "Лёлі, каліна”, веснавая "На том баку”. Песня "Ой, пусці, маці" ўжо больш за 2 месяцы трымаецца на вышэйшых пазіцыях xіт-параду беларускіх песень “Шчасьлівая Трынаццатка” Беларускага Радыё Рацыя. Крыху больш чым за год актыўнай канцэртнай дзейнасці "Ягорава Гара" прэзентавала Гомельшчыну на міжнародных беларускіх і расійскіх фэстах, на святах і фэстах у Гомелі і Гомельскай вобласці.

Стваральнікам "Ягоравай Гары" з’яўляецца Ігар Архіпаў, які для творчасці выбраў імя Ягора Палешука. Ён з’яўляецца прадзюсерам, кампазітарам і аранжыроўшчыкам музычнага праекта. Грае на гуслях, колавай ліры, гітары, дудзе, флейтах, бубне. Асноўнымі ўдзельнікамі праекта з’яўляюцца, акрамя заснавальніка, Ірына Глушэц, Зося Бабакова і Наталля Дуброва. Ірына грае на ліры, гудку, бубне. Разам з Наталляй выконваюць ролю вядучых вакалістак. Наталля грае на гудку, бубне. Зося грае на жалейцы і флейце. Усе ўдзельнікі валодаюць ударнымі, шумавымі інструментамі і акарынамі. Больш інфармацыі аб гурце можна атрымаць тут.

Падчас фэсту "Купальскае кола" праект "Ягорава гара" выступіў на адной сцэне з гуртамі Znich, Ula, Кліч, Omut, Sontsevorot, Pawa, Folcore (Беларусь), Тінь Сонця, Тринадцатый бубен, Natural Spirit (Украіна), Percival Shuttenbach (Польшча).

Фота з фэсту можна паглядзець тут.

Алена Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.