"Конікі" у Давыд-Гарадку 13.01.2014 г.

У ноч з 13 на 14 студзеня ізноў па традыцыі ў старадаўнім горадзе Давыд-Гарадок Брэсцкай вобласці прайшло народнае тэатралізаванае свята “Конікі”, вытокі якога трэбна шукаць у дахрысціянскім перыядзе. Менавіта тады нашы продкі пакланяліся Перуну, бралі за аснову сілу, хітрасць, вынослівасць звяроў. Паступова ўсё гэта лягло і ў аснову абраднасці гарадчукоў. 
Гэты год не стаў выключэннем для жыхароў і гасцей Давыд-Гарадка. Са шчадроўнымі песнямі і музыкай выйшлі на вуліцы горада групы “Конікаў”. І каго тут толькі не было! У кампаніі традыцыйных персанажаў – каня, чорта, мядзведзя, смерці, барана, воўка, можна было сустрэць сучасных герояў дзіцячай субкультуры – Мікі-Мауса, Робата, Губку Боба. Галоўным героем, сімвалам свята, як і заўжды быў конь. Па старой традыцыі яго “насілі” на сабе халастыя хлопцы. Гурты парадавалі гараджан і гасцей свята сваёй масавасцю, бо некаторыя калектывы шчадроўнікаў налічвалі больш за 20 чалавек. Гарадчукам прыйшлося “раскашэліцца”! 
“Конікі” адрозніваліся між сабой не толькі масавасцю, але і ўзроставымі катэгорыямі. Самымі маладымі былі школьнікі 4-8 класаў. Гаспадары сустракалі шчадроўнікаў гасцінна, адорвалі іх грашыма і ўсялякімі прысмакамі, за што ў адказ гаспадарам прысвячалі традыцыйную песню “Ой стаяла сосна” і іншыя шчадроўкі. Акрамя наведвання хат і крамаў, маскіраваныя, ідучы па вуліцы, спынялі аўтобусы, машыны і шчадравалі. Нашчадраваўшыся групы “Конікаў” прынялі ўдзел у масавым шэсці, якое налічвала больш за 12 калектываў. Затым на цэнтральнай пляцоўцы пасля тэатралізаванага пралогу, адбылося ўзнагароджванне лепшых касцюміраваных гуртоў. Старшыня гарвыканкама ўзнагародзіў пераможцаў “За лепшае святочнае навагодняе афармленне падвор’я”. Свята прадоўжылася святочным канцэртам, на які былі запрошаны калектывы з іншых раёнаў вобласці, для моладзі была наладжана дыскатэка. 

Матэрыял прадастаўлены Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтрам 

Фотаздымкі можна паглядзець тут.


Фотасправаздача:  "Конікі" у Давыд-Гарадку 13.01.2014 г.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.