Калядныя цыганы ў Віркаве Клічаўскага раёна 13 студзеня 2014 г.

Калядныя цыганы ў Віркаве Клічаўскага раёна 13 студзеня 2014 г.
З кожным годам у Клічаўскім раёне павялічваецца інтарэс да свят і абрадаў, якія праходзілі ў мінулыя часы. Адным з самых цікавых і любімых святаў у народзе заўжды былі Каляды. З цягам часу, амаль забытыя, калядаванні усё ж адбываліся дзе-нідзе і, хоць у крыху змененым выглядзе, дайшлі да нашых часоў. Даўней калядавалі вельмі цікава. У кожнай вёсцы на свой манер, са сваімі персанажамі, спяваліся розныя абрадавыя песні. Калядны гурт было здалёк відаць і чуваць. Дзе насілі калядную зорку, дзе хадзілі са званочкам, вадзілі розных цікавых персанажаў: Казу, Мядзведзя. У Клічаўскім раёне калядавалі пад стары Новы год 13 студзеня. З дапамогай работніцы Віркаўскага сельскага клуба Васьковай Жаны Міхайлаўны і загадчыцы аўтаклуба цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна Ачыновіч Жаны Яўгенаўны суполка вёскі Віркаў адрадзіла калядны абрад “Цыганы”, які шмат гадоў таму бытаваў на гэтай тэрыторы. Яшчэ жывыя носьбіты абраду. Каледзіч Надзея Іванаўна, 1937 года нараджэння сама была удзельніцай гурта цыганоў, таму яна і з’яўлялася галоўнай дарадчыцай і крытычнай назіральніцай. Надзея Іванаўна распавяла, як калядаванне адбывалася ў гады яе маладосці. У гурце збіраліся розныя персанажы: Цыганка і Цыган з бізуном, Мядзведзь, Малады і Маладая, Паніч і Паненка, Прыдурак. Гурт хадзіў са званочкам і свістком. У кожнага персанажа была свая вельмі цікавая роля. Кіравала гуртом Цыганка. Калі цыганы ішлі па вуліцы, было чуваць здалёк. Падыходзячы да хаты, Цыганка званіла у званочак і гаспадары чулі, што прыйшлі калядаваць, адчынялі хату. Са словамі “Добры вечар таму, хто у гэтым даму. Пусціце цыганоў пагрэцца. Мы вам не дакучаем. Мы раз у год бываем” гурт заходзіў у хату. Гаспадарам спявалі “Ой, жаўнеру, жаўнеру…”, прытанцоўвалі, свісталі у свісток і званілі у званочак. Мядзведзя рабілі два чалавекі, якіх апраналі ў кажушкі або шубы, надзявалі на твар маску. Калі гурт стамляўся спяваць і танцаваць, наступала чарга Прыдурка. Ён пачынаў выкідваць розныя жарты: цягнуў у торбу посуд, іншыя рэчы, смешна танцаваў, усяк звяртаў на сябе увагу, каб гаспадары хутчэй давалі каляду і адпускалі гурт. Сёлета ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Калагод” аўтаклуба цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна і суполка вёскі стварылі адзін гурт, каб па старому звычаю правесці калядаванне. Перад тым як ісці калядаваць, сабраліся у Надзеі Іванаўны Каледзіч. Гаспадыня, зрабіўшы некаторыя заўвагі і пажаданні, адпусціла гурт у добры шлях. Акрамя дарослых у вёсцы сёлета хадзіў дзіцячы калядны гурт. Дзяцей з яго ў вёсцы завуць “Куры”. Яны першыя пачынаюць калядаваць, пакуль яшчэ не звечарэла. Усюды пад вокнамі вясковых хат чуліся іх звонкія спевы “Ой куры, куры, не пейце рана…”. Дзіцячыя калядныя гурты, што здзяйсняюць абрад “Куры” ёсць таксама ў вёсках Нясята і Дзмітраўка Клічаўскага раёна. З вельмі цудоўным настроем удзельнікі аматарскага аб’яднання “Калагод” вярнуліся дадому. Калядаванні працягнуліся далей у раённым цэнтры. Паўсюдна, да позняй ночы на вуліцах горада Клічава можна было сустрэць калядныя гурты “цыганоў”, “жабракоў”. моладзь з зоркамі або венікамі на доўгіх палках, дзяцей. Вельмі прыемна, што гэты абрад не забыты у народзе і працягвае сваё жыццё.
Жана Ачыновіч

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.