Экспедыцыя ў в. Бялевічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці 16 лістапада 2013 г.

Экспедыцыя ў в. Бялевічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці 16 лістапада 2013 г.

16 лістапада 2013 г. супрацоўнікамі аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута  культуры Беларусі сумесна са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам і Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры была праведзена экспедыцыя ў в. Бялевічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці.

Экспедыцыі папярэднічала знаходка ў архіве Інстутута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі відэафільма 1962 г., які дэманструе выкананне народнай драмы "Цар Максіміліан" (па-мясцоваму  – “Цары”)  жыхарамі в Бялевічы.

Падчас экспедыцыі было праведзена апытанне мясцовых жыхароў, якія бралі ўдзел у дадзенай пастаноўцы  ў сэрэдзіне мінулага стагоддзя. Яно  выявіла шэраг унікальных фактаў, якія дапамогуць разгадаць загадку ўзнікнення ці не самага вядомага сёння ў Беларусі абраду “Калядныя цары”, што бытуе ў суседнім Капыльскім раёне і трапіў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова (ЮНЕСКА).

Інфармантам быў прадэманстраваны архіўны відэазапіс народнай драмы “Цар Максіміліян”. Па сведчаннях тэатразнаўцаў,  народная драма “Цар Максіміліян” узнікла  у XVII – пачатку XVIII ст., мела мноства варыяцый і ў шэрагу з такімі пастаноўкамі, як “Цар Ірад”, “Лодка”, сюжэты якіх перайшлі з батлеечных перформансаў, з’яўлялася  найбольш папулярным драматычным творам на тэрыторыі Беларусі. Таму невыпадкова, што памяць мясцовай супольнасці захоўвае веды аб гэтай драме і сёння.

У час экспедыцыі ладзілася сустрэча з дырэктарам сярэдняй школы,  што месціцца ў суседняй в. Лядна, Свірыдавай Вольгай Аркадзьеўнай і работнікамі сферы культуры раёна, якія з цікавасцю падтрымалі ідэю адраджэння традыцыі народнага тэатра на Случчыне – адным з цэнтраў тэатральнага мастацтва яшчэ ў XVIII ст.

Падрабязней пра “Калядныя Цары” тут.


Фотасправаздача:  Экспедыцыя ў в. Бялевічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці (16.11.2013)

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.